Хайнічанін захоўваў шэсць бітонаў з брагай у прычэпе да аўтамабіля


IMG_20140407_130904Самагонаварэнне – не лепшая, але ж частка нашай гісторыі і цяперашняга жыцця. Зараз, калі ў нашым раёне ўведзена абмежаванне на продаж алкагольных напіткаў, увага да самагоншчыкаў узрасла. Апошнія спрабуюць запоўніць вакуум: за 6 месяцаў мінулага года міліцыяй выяўлена і знішчана 3117 літраў самагону, за такі ж перыяд сёлета – 3418 літраў.
Расказвае старшы інспектар прафілактыкі ААПП РАУС Ксенія Сяргееўна Хадасок.
– Месцы, дзе можна купіць самагон або разбаўлены вадой спірт, у народзе празвалі «точками». Дзе яны знаходзяцца, як правіла, ведаюць усе злоўжываючыя спіртным (і не толькі!). Ведаюць аб іх і міліцыянеры, толькі вось каб «злавіць» прадаўца або самагоншчыка за руку, трэба дакладна валодаць інфармацыяй, дзе і колькі «сівухі» захоўваецца ў доме, або заслаць свайго «ганца».
Семдзесят працэнтаў самагоншчыкаў проста так у дом не пусцяць і агледзець жыллё не дадуць, вось чаму даводзіцца прадпрымаць розныя хітрамудрыя крокі. Калі-нікалі міліцыянерам паведам-ляюць аб «точках» абураныя жыхары, чые злоўжываючыя спіртным мужы або дзеці выносяць з дому апошняе за чарку самагону. Або работнікі міліцыі выяўляюць нелегальных бізнесменаў сваімі сіламі. Тут удзельнічаюць некалькі падраздзяленняў. Напрыклад, супрацоўнікі патрульна-паставой службы наведваюцца ў месцы самагонаварэння або гандлю гатовым прадуктам, высвятляюць яго наяўнасць і перадаюць нам інфармацыю. Затым ужо мы выязджаем з санкцыяй пракуратуры. У абсалютнай большасці выпадкаў інфармацыя пацвярджаецца.
Размах «вытворчых» маштабаў некаторых самагоншчыкаў, мякка кажучы, шакіруе. Напрыклад, «прадпрымальны» малады жыхар нашага горада, уладальнік іншамаркі, захоўваў шэсць бітонаў з брагай на вуліцы ў прычэпе да аўтамабіля (на здымку).
Усе вытворцы апраўдваюць сябе тым, што ім хочацца жыць прыгожа, а той, хто хоча выпіць, заўсёды знойдзе спіртное. Аднак ёсць нямала жыццёвых гісторый, калі занятак вырабам і продажам спіртаўтрымліваючых вадкасцей абарочваўся трагедыямі не толькі ў сем’ях «спажыўцоў». Станавіліся запойнымі алкаголікамі дзеці вырабляльнікаў зелля, мужы, ламалася кар’ера членаў сям’і. Адным словам, закон бумеранга яшчэ ніхто не адмяняў.
Хаця і каштуе самагон напалавіну дзешавей магазіннай гарэлкі, самагонаварэнне – справа прыбытковая. Па-першае, ніякіх падаткаў у дзяржаўную казну. Галоўныя затраты – на стварэнне вытворчасці, таму і заяўляюць нахабна тыя, у каго выявілі самагон: гналі, гонім і будзем гнаць.
Трапіўшы ў поле зроку міліцыянераў, самагоншчык, канешне ж, застаецца на кантролі, спісак іх пастаянна абнаўляецца. Цяпер у ім налічваецца 108 чалавек, з іх паўторнікаў – 37. Рэгулярна праводзяцца рэйды па кропках самагонаварэння ў горадзе і раёне. Апошняе такое мерапрыемства праходзіла з 11 па 25 ліпеня – выяўлена і знішчана 7,5 л самагону, 154 л самагоннай брагі, 42,5 літра спіртаўтрымліваючай вадкасці.
Закон гаворыць аб тым, што за выраб фізічнымі асобамі моцных алкагольных напіткаў або брагі, захоўванне самагонных апаратаў прадугледжваецца папярэджанне або штраф 750 тысяч рублёў (5 базавых велічынь) з іх канфіскацыяй. За паўторнае парушэнне, здзейсненае на працягу года, штраф ужо складзе ад 5 да 30 базавых велічынь. Лічу, што ўсім такім паўторнікам штраф трэба даваць па максімуму – 4 500 000 рублёў, каб спыніць паток вадкай валюты.

Запісала Клаўдзія БОСАК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *