У спартыўнай зале ДПТВ-183 прайшло першынство раёна па міні-футболу сярод калектываў фізічнай культуры. Яно адкрыла круглагадовую спартакіяду, у межах якой будуць праводзіцца спаборніцтвы па 16 відах спорту: валейболу, настольнаму тэнісу, шахматах і г.д.
Удзел у першынстве па міні-футболу прынялі 10 каманд: КЖУП “Хойніцкі камунальнік”, АТУП-14, ПМС, ДЭУ-45, раённага аддзела ўнутраных спраў, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, Хойніцкага Аграсервісу, раённага выканаўчага камітэта, Хойніцкага аддзялення Дэпартамента аховы, торфабрыкетнага завода.
Спаборніцтвы праходзілі па алімпійскай сістэме. Гульні – два таймы па 15 мінут. Прайграўшыя аўтаматычна далучаліся да гледачоў, а пераможцы праходзілі ў наступны этап. Вынік кожнай гульні, нягледзячы на тое, першая яна або фінальная, меў рашаючае значэнне. Кожны гол мог стаць вызначальным у лёсе каманды.
Да паўфінала дайшлі каманды торфабрыкетнага завода, ДЭУ-45, раённага аддзела ўнутраных спраў і КЖУП “Хойніцкі камунальнік”.
На чацвёртым месцы аказаліся прадстаўнікі торфабрыкетнага завода “Хойніцкі”. Яны ўступілі камандзе РАУС з лікам 2:7.
У фінальнай гульні званне лепшай у сустрэчы са спартсменамі ДЭУ-45 заваявала каманда КЖУП “Хойніцкі камунальнік” (6:3). Пераможца атрымала каштоўны падарунак ад аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкома.
Вызначаны пераможцы ў намінацыях: лепшы галкіпер – Алег Кашперка з каманды раённага аддзела ўнутраных спраў, лепшы нападаючы – прадстаўнік ДЭУ-45 Сяргей Рак, лепшы абаронца – Аляксандр Вараб’ёў з торфабрыкетнага завода. Лепшым іграком першынства прызнаны Віктар Сачанка (КЖУП “Хойніцкі камунальнік”). Усе яны атрымалі дыпломы і падарункі ад раённага камітэта БРСМ і аддзела па справах моладзі райвыканкома.
У 10 гульнях міні-футбольнага спаборніцтва было забіта 97 галоў.
Ірына НОВІКАВА.