Разборкі ў стане лідэраў

Спорт

25 жніўня стартаваў другі круг першынства раёна па футболу. Пасля першай паловы спаборніцтваў турнірную гонку ўзначальваюць каманды дзяржаўнай гімназіі і эксбазы “Стралічава”, якія ў дзевяці гульнях набралі па 21 ачку. У адным кроку ад лідэраў знаходзяцца футбалісты КЖУП “Хойніцкі камунальнік”, у актыве якіх роўна два дзесяткі ачкоў.

Цікава, што вынікі гульняў гэтай тройкі паміж сабой сведчаць аб парытэце і прыкладнай роўнасці сіл. Так, гімназісты з лікам 5:2 перамаглі каманду “Стралічава”, але саступілі камунальнікам – 1:4, якія, у сваю чаргу, прайгралі стралічаўцам – 1:2. Сапраўднай гразой аўтарытэтаў выглядае займаючая агульнае пятае месца каманда ТБЗ, у актыве якой перамогі над футбалістамі эксбазы “Стралічава” (5:2) і дзяржаўнай гімназіі (4:0). Але пакуль што завадчан па набраных ачках (16), акрамя тройкі лідэраў, апярэджвае і дружына прадпрыемства “Пірам-сервіс” (19 ачкоў).

Далей месцы размеркаваліся так: КСУП “Судкова” (13); РАУС і ДЭУ-45 (па 7), ПМС (6), завод гідраапаратуры (1). Пакуты машынабудаўнікоў, сіл якіх хапіла ўсяго на адзіную нічыю з камандай ДЭУ-45, скончыліся яшчэ ў першым крузе, калі завадчане зняліся са спаборніцтваў. Характэрна, што ў другім крузе кампанію ім склалі тыя ж самыя футбалісты ДЭУ-45 – яны таксама адмовіліся ад далейшага ўдзелу ў турніры перад пачаткам другога круга.

Самай выніковай камандай пакуль што з’яўляецца дружына эксбазы “Стралічава”, на рахунку якой 41 узяцце варот сапернікаў. Самы вялікі ўклад у гэтае дасягненне ўнеслі Дзяніс Сацура (14 забітых галоў) і Аляксандр Дзягцярык (12). А самым непрыступным бастыёнам выглядае абарончая лінія каманды КЖУП “Хойніцкі камунальнік”, якая ў 9 матчах прапусціла ўсяго 11 мячоў.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *