Адбыліся пасяджэнні пастаянных камісій раённага Савета дэпутатаў, на якіх разгледжана выкананне раённага комплексу мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржпраграм і ступень іх эфектыўнасці ў раёне.
Дзяржаўная праграма па пераадоленню наступстваў катастрофы на ЧАЭС. За 5 гадоў рэалізацыі праграмы пабудавана 2 шматкватэрных жылых дома, праведзена газіфікацыя н.п. Глінішча, рэканструкцыя МТФ, аб’ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, набыты аўтобус для падвозу школьнікаў і абсталяванне для сталовых устаноў адукацыі і інш.
У бягучым годзе ажыццяўляецца рэканструкцыя сістэмы водазабеспячэння ў Глінішчах, станцыі другога пад’ёму са станцыяй абезжалезвання ў Хойніках, каналізацыйнага калектара, ачышчальных збудаванняў, праводзіцца газіфікацыя ЗСК у Веляціне і Тунеўшчыне, капітальны рамонт хірургічнага корпусу ЦРБ, будаўніцтва 3 аднакватэрных жылых дамоў.
Дзяржаўная праграма па ўвекавечанні загінуўшых пры абароне Айчыны і захаванню памяці аб ахвярах войнаў на 2016-2020 гады. На тэрыторыі раёна налічваецца 80 помнікаў воінскай славы. Усе воінскія пахаванні, пахаванні ахвяр войнаў, помнікі, памятныя знакі, брацкія магілы рашэннем райвыканкама замацаваны за ўстановамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна. Гэта не азначае, што ім патрэбна праводзіць капітальныя рамонты гэтых аб’ектаў. Але падтрымліваць на іх парадак, абкошваць тэрыторыю, прыбіраць смецце, якое абыякавыя да памяці загінулых пакідаюць каля помнікаў, па сілах усім. Памяць – гэта не толькі словы, гэта справы.
Па выніках пасяджэнняў адзначана, што раённы комплекс мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржпраграм да канца года павінен быць выкананы ў поўным аб’ёме.
Вольга БЕЛАШ.