«Як добра хлопцы працуюць!», «Так цудоўна ў іх атрымліваецца!», «Стройбригада – что надо!» – такія водгукі ўжо на працягу тыдня гучаць у адрас будаўнікоў КЖУП «Хойніцкі камунальнік» ад работнікаў тыпаграфіі і рэдакцыі. Брыгада пад кіраўніцтвам майстра Н.Р. Сіпачовай аднаўляе фасад і дах нашага будынка па вул. Савецкая, 50а, працуе старанна, хутка і якасна.
«Для гэтага патрэбны зручныя ўмовы працы, добры, зладжаны калектыў і дастойная ацэнка старанняў. У нас усё гэта ёсць, таму і праца нам у радасць», – гавораць мужчыны.
У брыгады вельмі шчыльны графік, многа заказаў, аб’ектаў: сярод апошніх – жылы дом па вуліцы Нікалаева, 5 райцэнтра і кацельня ЦРБ.
На рамонтных работах будынка тыпаграфіі задзейнічана пяць работнікаў, усяго ж на ўчастку па капітальнаму рамонту КЖУП «Хойніцкі камунальнік» працуе 15 чалавек. Усе яны – выдатныя спецыялісты, якім не перашкаджаюць ні летняя спякота, ні зімняя сцюжа, ні вышыня будаўнічых крокваў.
Наталля ЧЭКАН.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.