Пранікнуцца праблемамі і выправіць становішча спраў

Сельское хозяйство

формаКастрычніцкі семінар-нарада па выніках работы ў жывёлагадоўлі раёна прайшоў на базе сельгаспрадпрыемстваў «Аравічы» і імя Мележа.

Аб’ектамі ўвагі ўдзельнікаў мерапрыемства сталі даільна-малочны блок і комплекс у Храпкава, ферма па вырошчванню цялушак у Грачыхіна і МТК у Алексічах. Тут абмеркавалі, як павінны ўтрымлівацца сухастойныя каровы, дойны статак і маладняк, пытанні рацыёну кармлення і якасці кармоў. Акрамя таго, гаворка ішла пра магчымасці павелічэння надояў малака і прафілактыку захворванняў буйной рагатай жывёлы.
Старшыня райвыканкама А.І. Ціток засяродзіў увагу на неабходнасці стараннага вядзення дакументацыі. Паказчыкі пасля кожнага даення павінны фіксавацца ў спецыяльным журнале, што дазволіць аператыўна адсочваць стан і прадукцыйнасць жывёлы. Як адзін з прыкладаў, быў прыведзены Алексіцкі малочнатаварны комплекс, дзе ўсе запісы вядуцца належным чынам.
Па ходу работы спецыялісты абмеркавалі ўвесь замкнуты цыкл ад нараджэння цяляці да ўводу каровы ў дойны статак. З негатыўнага боку было адзначана, што ў Алексічах на комплексе няма «банка малодзіва», але гэты мінус у рабоце паабяцалі ў бліжэйшы час ухіліць. Многа гаварылася аб клопаце пра імунную сістэму новароджаных цялят.
Перавагі іх утрымання ў клетках-доміках відавочныя. Адсутнасць кантакту паміж жывёламі прадухіляе развіццё хвароб і перашкаджае распаўсюджванню мікробаў. Гэта ўжо не аднойчы адзначалася на падобных семінарах, але пранікнуцца праблемай і выправіць становішча спраў па-ранейшаму імкнуцца не ўсе гаспадаркі. Колькасць клетак-домікаў павінна складаць не менш чым 25 працэнтаў ад колькасці агульнага пагалоўя дойных кароў. У некаторых сельгаспрадпрыемствах гэтую лічбу ва ўвагу не бяруць: на адных фермах, як гаворыцца, густа, на іншых – пуста. Да таго ж, не ўсюды вытрымліваецца належная адлегласць паміж клеткамі-домікамі, мінімум у адзін метр, ды і іх стан пакідае жадаць лепшага. Вось і на комплексе ў Алексічах удзельнікі семінара натыкнуліся на некалькі перакошаных домікаў, іх неабходна замяніць. Пры гэтым было зазначана, што калі вырабляць іх самастойна, дык без выкарыстання рубероіду і саломы, якія ў нас вельмі любяць класці пад страху. У чарговы раз нагадалі і пра тое, што нагрузка на цялятніцу павінна быць не больш чым 25 цялят.
У час наведвання Алексіцкага комплексу ў цэху раздою засталі вільготную ўборку, гэта было падвергнута вялікай крытыцы. Як людзям працаваць у вільгаці? Не сакрэт, што ад стаўлення да работніка залежыць яго аддача, таму варта ствараць добрыя ўмовы працы. Уборка ў памяшканні раздою кароў павінна быць выключна сухой, у гэтым плане можна павучыцца на Карчоўскай ферме.
Акцэнт рабіўся і на тым, што важна не толькі нарыхтаваць кармы, але і захаваць іх. На некаторых фермах стаіць пах хлеба, а ў іншых прысутнічае непрыемны «водар»… І гэта ўжо зараз, а праз год няякасны сілас наогул ператворыцца ў воцат. Таму рашэнне ўбіраць з палёў кукурузу пазней, бліжэй да верасня, грунтоўна ўзважанае. Стаўка робіцца ў першую чаргу не на танаж, а на якасць кармоў.
Больш падрабязна пытанні развіцця жывёлагадоўлі ў раёне былі разгледжаны на пасяджэнні, якое прайшло ў зале райвыканкама.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *