Дзеці вайны… Напэўна, нікому не было так цяжка ў тыя грозныя гады, як ім. І хаця дарослыя імкнуліся, як маглі, палепшыць іх долю, але ж нягоды ваеннага часу быццам катком прайшліся па іх лёсах. Магчыма таму яны так рана сталелі, а часам ішлі на такія ўчынкі, на якія быў бы здольны і не кожны дарослы.
Аб адным з такіх выпадкаў расказала жыхарка аграгарадка Стралічава Марыя Карпаўна Шаўчэнка (на здымку).
– Было гэта ў час нямецкай акупацыі, калі людзі, шукаючы паратунку ад зверстваў фашыстаў, цэлымі сем’ямі жылі ў лясах, побач з партызанскімі базамі. І хаця тут было спакойней, даймала іншая праблема – голад, бо прадуктаў харчавання, якіх спехам прыхапілі з пакінутых хат, станавілася ўсё менш і менш. І вось трое 12-13-гадовых хлопчыкаў вырашылі ўпотай ад дарослых прабрацца ў занятую немцамі вёску Губарэвічы і набраць там хоць крыху ежы. У дарогу рушылі надвячоркам, ішлі наўздагад, дакладна не ведаючы дарогі. І калі паблізу вёскі Іванаўка натрапілі на водны канал, успомнілі размовы дарослых аб тым, што гэты канал цягнецца аж да самых Губарэвіч, і таму вырашылі ісці ўздоўж яго.
Дабраўшыся да мастка перад вёскай, крыху перачакалі, а потым цёмнымі куткамі – дзе полем, а дзе агародамі – рушылі да свайго пасёлка. Да родных хат ужо было, як кажуць, рукой падаць, але якімі цяжкімі і небяспечнымі былі гэтыя апошнія метры!.. Навокал было поўна немцаў, якія ў кожным, ці то стары, ці то дзіця, бачылі партызан, і таму літаральна на кожным кроку хлопцаў падсцерагала небяспека.
Параіўшыся, вырашылі зайсці да цёткі Хвядоры. Тая спачатку разгубілася, нават спалохалася, але потым накарміла і схавала хлопцаў у склепе. Там і правялі яны наступны дзень. А Хвядора тым часам напакавала клункі з харчамі, калі добра сцямнела, накіраваліся назад у лес.
Да партызан дабраліся без асаблівых прыгод, а там іх чакалі ўсхваляваныя бацькі, якія ўжо і не спадзяваліся ўбачыць дзяцей жывымі.
Пасля гэтага хлопцы праз кожныя суткі накіроўваліся ў такія вось «харчовыя» вандроўкі, забяспечваючы і сябе, і дарослых прадуктамі харчавання. За гэты час яны добра вывучылі дарогу з лесу да пасёлка і назад і ўжо ведалі, дзе можна перачакаць небяспеку, а дзе трэба і паспяшацца.
Аднойчы, як звычайна нагрузіўшыся торбамі з салам, бульбай і г.д. і дачакаўшыся надыходу цемнаты, яны ўжо збіраліся рушыць у дарогу. Але нечакана іх увагу прыцягнуў нямецкі абоз з шасці падвод, у якія былі зацугляны па пары адкормленых нямецкіх біцюгоў. Абоз гэты спыніўся каля хаты, дзе раней жыў адзін з хлопчыкаў. Немцы выпраглі коней і пусцілі іх пасвіцца, а самі наладзілі ў хаце гулянку – пілі гарэлку, гучна рагаталі і спявалі свае гартанныя песні.
Хлопцы вырашылі забраць гэтых коней і прывесці іх да партызан. Для вернасці пачакалі пакуль яшчэ больш сцямнее, потым зрабілі аброці, асядлалі сабе па каню, а астатніх зацуглялі. Вырашылі рухацца напрасткі, паміж Мокішам і Бабчынам з тым, каб хутчэй дабрацца да лесу. Але нечакана на дарозе сустрэлі трох узброеных немцаў, якія ехалі на матацыкле. Натуральна, немцаў зацікавіла гэтая незвычайная працэсія, аднак хлопцы не разгубіліся і сказалі, што ім даручылі папасвіць гэтых коней. Напэўна, адзін з немцаў ведаў нашу мову, бо задаволена заківаў галавой: «Гут, гут», пасля чаго хлопцаў адпусцілі.
Калі немцы схаваліся ўдалечыні, хлапчукі пусцілі коней у галоп і ўжо перад самым лесам яны пачулі ззаду шалёную страляніну – гэта фашысты выявілі прапажу. Але было позна – лес надзейна схаваў хлопцаў, а сунуцца туды нямногія асмельваліся.
Рызыкуючы жыццём, хлопцы прывялі ў партызанскі атрад 9 коней, якія потым добра паслужылі народным мсціўцам. Гэта было не толькі дзіцячай помстай ворагу, гэта быў і ўклад хлопчыкаў у нашу агульную перамогу. Вось іх імёны. Іван Пятровіч Калыхан жыў на Украіне ў горадзе Жытоміры, Уладзімір Маркавіч Рудзянок з Губарэвіч, Арсен Іосіфавіч Шаўчэнка (які потым стаў маім мужам) са Стралічава. Ніводнага з іх ужо няма на гэтым свеце, аднак памяць людская чэпка захоўвае ўсё, што адбывалася ў тыя вогненныя гады…
Запісала Клаўдзія БОСАК.