На юнацкім першынстве краіны ў магілёўскім спорткомплексе “Алімпіец” Максім Юшчанка, які першыя крокі ў спорце рабіў у Хойніцкай СДЮСШАР, заваяваў сярэбраныя медалі на дыстанцыях 800 і 1500 метраў.
А на зімовым першынстве Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы сярод дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ, якое прайшло ў Брэсце, бронзавым медалём адзначана хайнічанка Марыя Саутава. У мінулым вучаніца СШ № 2, а зараз навучэнка Мазырскага рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву, паказала трэці вынік у бегу на 3000 метраў.
Свой высокі клас Марыя пацвердзіла і на стартах у Гомельскім цэнтры алімпійскага рэзерву, дзе праводзілася юнацкае першынство вобласці. Тут яна стала пераможцай на дыстанцыі 3000 метраў з перашкодамі і заняла другое месца ў бегу на 800 метраў.
Яшчэ адзін хайнічанін (таксама навучэнец Мазырскага РВАР) Васілій Радчанка на 800-метровай дыстанцыі фінішыраваў трэцім, а ў бегу на 1500 метраў паказаў другі вынік.
На гэтых жа спаборніцтвах вызначылася і вучаніца СШ № 2 Ганна Гальцяпіна. У “гладкім” бегу на 1500 метраў яна заняла трэцяе месца, а на дыстанці ўдвая даўжэй стала чацвёртай.
Віктар НАЗАРАНКА.