Калі б я быў старшынёй райсавета, то…

Власть

Гімназісты працягнулі фразу

Размова з уладай – гэта не абавязкова афіцыйная сустрэча. Сёння – гэта свабодныя зносіны і на вечныя тэмы, і на надзённыя. Такой пазіцыі прытрымліваецца старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар, якая часта сустракаецца са школьнікамі і моладдзю.

Чарговая насычаная жывая размова адбылася ў гімназіі г. Хойнікі. Сустрэчу там кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна правяла сумесна з членамі Маладзёжнага парламенту.

Тэм абмяркоўвалася мноства. Галіна Віктараўна гаварыла з суразмоўцамі адкрыта, вобразна, прыводзячы прыклады са свайго жыцця. А таксама было праведзена апытанне «Калі б я быў старшынёй райсавета, то…». Гімназісты працягнулі фразу – атрымалася шмат цікавых варыянтаў, прапаноў і нават кампліментаў.

Частка рабят замест шматкроп’я напісалі пажаданні аб стварэнні месцаў для правядзення вольнага часу: басейна, батутнага цэнтра, коннага клуба, скейтпляцоўкі і інш.

– Гэта цудоўна, што наша моладзь выступае за здаровы лад жыцця, хоча праводзіць з карысцю вольны час, – адзначыла Галіна Віктараўна. – Асабіста мне вельмі падабаецца ідэя з абсталяваннем скейтпляцоўкі. Трэба аб’яднаць намаганні і пастарацца рэалізаваць гэтую ініцыятыву. Як варыянт – паўдзельнічаць у міжнародных праектах.

Паколькі сустрэча праходзіла напярэдадні 35-годдзя чарнобыльскай трагедыі закранулі і гэтую сумную тэму. Паступіла прапанова «вярнуць жыццё» ў адселеныя вёскі.

– Гэтыя тры з паловай дзясятка гадоў – значны перыяд у гісторыі краіны, велізарная праца па пераадоленні наступстваў найбуйнейшай радыяцыйнай аварыі, лёсы тысяч людзей, – адказала Галіна Бондар. – Памяць пра наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС неабходна назаўжды захаваць як бясцэнны ўрок. На жаль, падзеі таго ракавога дня не змяніць. Мы павінны памятаць пра мінулае, але жыць будучыняй. Працягваць адраджаць, абнаўляць наш край, каб прыемна было тут жыць, вучыцца, адпачываць і працаваць. На жаль, у адселеных вёсак такі складаны лёс. Зараз яны знаходзяцца на тэрыторыі запаведніка. Гэта сапраўды храм прыроды і ўнікальная пляцоўка для даследаванняў навукоўцаў. Жыхароў туды ўжо не вярнуць…

Фантазіруючы пра тое, калі б яны сталі старшынямі райсавета, гімназісты пісалі пра рамонт дарог, аб павелічэнні заробкаў, падтрымцы прадпрымальніцтва, працаўладкаванні непаўналетніх на канікулах, узмацненні жорсткасці мер за распіццё спіртных напояў у грамадскіх месцах, аб развіцці гандлю ў раёне і многім іншым.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар пракаментавала кожную прапанову і, нягледзячы на тое, што некаторыя не ўваходзяць у кола кампетэнцыі дэпутацкага корпуса, усё «ўзяла на аловак». Больш за тое, яна ўручыла прэзенты аўтарам лепшых ідэй.

Дарэчы, я пісала пра тое, што ў адказах былі і кампліменты. Дык вось, адзін з іх адрасаваны асабіста Галіне Віктараўне і выглядаў ён так: «Вы класная жанчына». Гэта яркае пацверджанне таму, што старшыня райсавета лёгка знаходзіць агульную мову з моладдзю, умее яе зацікавіць і выслухаць.

Сустрэча прайшла вельмі пазітыўна, у ходзе яе таксама былі абмеркаваны тонкасці дзейнасці раённага Савета дэпутатаў і Маладзёжнага парламента. У актавай зале ўсталявалася даверная атмасфера, на ўсе пытанні адказвалі максімальна шчыра. У завяршэнні размовы Галіна Бондар заклікала маладых людзей не баяцца прытрымлівацца сваёй мары і абавязкова рабіць новыя адкрыцці, увасабляць свае ідэі ў жыццё.

Наталля РЭВЯКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *