Алгарытм поспеху


Прадукцыю хойніцкай фабрыкі мастацкіх вырабаў добра ведаюць на ўсёй постсавецкай прасторы і за мяжой. Для многіх спажыўцоў хойніцкі брэнд стаў сапраўдным сінонімам якасці, надзейнасці, прыгажосці. Расказвае дырэктар фабрыкі Ігар Уладзіміравіч ПЯТРУНІН:

– З 1938 года з невялічкай арцелі вядзе адлік сваёй гісторыі наша прадпрыемства. Асвойваючы прадукцыю з народным беларускім арнаментам, вышывальшчыцы арцелі звязваліся з майстрыхамі з калгасаў, якія дапамагалі нагляднымі экспанатамі і дзяліліся бясцэнным вопытам. Гэтыя традыцыі беражліва захоўваюцца на фабрыцы да гэтага часу: асноўнай задачай прадпрыемства з’яўляецца адраджэнне, захаванне, развіццё народных промыслаў як часткі нацыянальнай культуры.




Прапаноўваем шырокі выбар дамашняга тэкстылю розных памераў, малюнкаў і каларытаў. Усе колеры вясёлкі прысутнічаюць у шырокім асартыменце вырабаў фабрыкі.

Золата нашых вырабаў – беларускі лён, сагрэты пяшчотнымі промнямі сонца, аблашчаны клапатлівымі рукамі працаўнікоў аграпрамысловага комплексу краіны
.



Створаныя ўручную вырабы быццам бы захоўваюць аўру майстроў: возьмеш у рукі саламяную шляпку або расшыты льняны ручнік – і сам сабой мяняецца настрой. Беларусы ад прыроды добрыя, адкрытыя. Ва ўсякім разе ў нас працуюць толькі такія людзі. Іх залатымі рукамі і творчай фантазіяй адраджаюцца гісторыка-этнаграфічныя традыцыі хойніцкай вышыўкі, створана школа інкрустацыі саломкай і саломапляцення. Пастаянна ідзе работа над абагачэннем прадукцыі новым вобразным зместам і прынцыпамі калектыўнай выяўленасці. Толькі сёлета з’явілася многа відаў новых узораў прадукцыі, увабраўшых у сябе непаўторную прыгажосць зямлі беларускай, багацце яе прыродных матэрыялаў.

Сёння многія імкнуцца ўпрыгожваць свой быт і насіць адзенне з экалагічна чыстых матэрыялаў. Ільняныя сукенкі, касцюмы, вырабы з саломкі карыстаюцца вялікім попытам і дастойна прадстаўляюць працавітасць і талент работніц фабрыкі.




У снежні 2007 года на фабрыцы на ўчастках раскрою, вышыўкі і пашыву, аддзелкі ўстаноўлена новае абсталяванне, у тым ліку вышывальны апарат і тры камп’ютэры для аўтаматычнага праекціравання адзення. На гэта і на кандыцыянеры для падтрымання мікраклімату зрасходавана больш за 230 млн. руб. сродкаў цэнтралізаванага інавацыйнага фонду Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.  Лепшы падарунак для родных, сяброў, каханых – ільняныя камплекты сталовай і пасцельнай бялізны, наборы ручнікоў, сувенірная прадукцыя.






Што на памяць увозяць госці нашага горада?  Гэта вышыты і адстрочаны саломкай вымпел Хойнік, на якім адлюстравана дата заснавання і сімвал – елачкі, і абавязкова – самыя разнастайныя вырабы з саломкі.

Прадукцыя прадпрыемства падкрэслівае самабытнасць нашай культуры. Другое дыханне набылі традыцыйныя мастацкія промыслы. Зараз фабрыка састаіць у канцэрне “Беларускія мастацкія промыслы”, які знаходзіцца ў веданні Упраўлення справамі пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *