Напэўна, ніводная рэгістрацыя шлюбу не абыходзіцца без пажадання маладым абавязкова дажыць да залатога вяселля. На жаль, не многім парам даводзіцца спраўляць такі юбілей. Ну а тым, хто дажывае не толькі да гэтай знамянальнай падзеі, але і такой жа з большым стажам сямейнага жыцця, можна па-добраму пазайздросціць.
Здаецца зусім нядаўна адзначалі ізумруднае вяселле Рыгор Мітрафанавіч і Алена Рыгораўна Рудчанкі, пражыўшы разам 55 гадоў, а 9 кастрычніка сёлета будуць прымаць віншаванні з нагоды брыльянтавага вяселля. 60 гадоў назад яны злучылі ў адно цэлае свае сэрцы і лёсы. На іх жыццёвым шляху было многа цяжкасцей і праблем. Аднак, нягледзячы ні на што, праз усе гады пранеслі каханне і вернасць адно аднаму. Сваім прыкладам, сваім жыццём Рудчанкі пацвярджаюць даўнюю народную мудрасць, якая гаворыць, што ў кахання няма канца, а ёсць толькі пачатак.
Лёс звёў іх у вёсцы Рудыя.
– Я закахаўся ў жонку з першага погляду, – дзеліцца Рыгор Мітрафанавіч,– але адразу аб гэтым ёй не сказаў, а толькі прапанаваў вечарам схадзіць на вясковыя пасядзелкі. Лена не адмовілася. Такім чынам знаёмства перарасло ў моцнае каханне.
Жыццё брыльянтавых юбіляраў прайшло ў працы. Алена Рыгораўна шчыравала ў паляводчай брыгадзе былога калгаса “Кастрычнік”. Рыгор Мітрафанавіч – у Рудакоўскім сельскім Савеце: спачатку сакратаром, а потым да самай ліквідацыі Савета ў сувязі з чарнобыльскай катастрофай 26 гадоў з’яўляўся яго нязменным старшынёй. Атамная трагедыя прымусіла Рудчанкаў пакінуць вёску Рудыя, дзе прайшлі лепшыя гады жыцця. Зараз яны жывуць у абласным цэнтры.
Аб добрых справах гэтых немаладых людзей сведчаць узнагароды, якія беражліва захоўваюцца. Дзе б Рудчанкі ні былі, дзе б ні працавалі, іх заўсёды вызначалі добрасумленнасць і прыстойнасць. Усе гэтыя якасці ўнаследавалі іх дзеці. Старэйшы сын Алег быў здольным журналістам, працаваў у раённай газеце “Ленінскі сцяг”. У росквіце сіл і таленту трагічна пайшоў з жыцця. Не варта гаварыць, як гэта адбілася на здароўі бацькоў. І хаця час залечвае раны, аднак гэтая да цяперашняга часу крываточыць.
Рыгор Мітрафанавіч і Алена Рыгораўна нарадзілі і выхавалі яшчэ чатырох дачок, далі ўсім адукацыю. Лідзія 20 гадоў працуе ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку. Вера жыве ў Гомелі, па прафесіі закройшчыца, Ларыса – у Маскве, працуе прарабам будаўнічага трэста. Самая малодшая, Алена, якую назвалі ў гонар маці, у Хойніках з’яўлялася інспектарам па кадрах вытворчага падраздзялення райспажыўтаварыства. Пасля назначэння яе мужа Сяргея Аляксандравіча Мятліцкага старшынёй Лоеўскага райвыканкома працуе там у цэнтры па аздараўленню насельніцтва.
Цяпер радасць і ўцеха Рудчанкаў – ва ўнуках, якіх васьмёра, і якія ахвотна прыязджаюць да дзядулі з бабуляй. На залатым вяселлі дочкі пажадалі бацькам дачакацца і праўнукаў. Гэтае пажаданне збылося. Радуюць чатыры праўнукі – Вольга, Віка, Ілля, Стасік.
9 кастрычніка ўсе родныя, канешне, збяруцца ў Гомелі разам са сваімі сем’ямі. Разам адзначаць брыльянтавы юбілей сваіх самых дарагіх людзей на зямлі, павіншуюць і шчыра пажадаюць Рыгору Мітрафанавічу і Алене Рыгораўне ўсяго самага найлепшага, зробяць падарункі. Выкажуць спадзяванне, што разам адзначаць яшчэ і каменнае, і жыватворнае і кароннае вяселле сваіх дарагіх юбіляраў.
Клаўдзія БОСАК.