У апошні дзень верасня канчаткова завяршылі барацьбу ўдзельнікі першынства раёна па футболу. Турнірную дыстанцыю даўжынёй у 16 тураў найбольш упэўнена прайшлі футбалісты эксбазы “Стралічава”. У гэтым футбольным падарожжы стралічаўская футбольная дружына парадавала сваіх балельшчыкаў 14 перамогамі і ажно 93 забітымі ў вароты сапернікаў мячамі. І толькі ў дзвюх сустрэчах – з камандамі гімназіі і торфабрыкетнага завода, стралічаўцы пацярпелі паражэнні з аднолькавым лікам 2:5. Тым не менш, гэтыя дзве асечкі ніколькі не паўплывалі на іх упэўнены поступ да заваявання чэмпіёнскага тытула: каманда набрала 42 ачкі і стала недасягальнай для сапернікаў.
На чатыры ачкі менш за чэмпіёнаў набралі футбалісты КЖУП “Хойніцкі камунальнік”. Яны, як і каманда эксбазы, таксама пацярпелі толькі два паражэнні (дарэчы, абодва ад стралічаўцаў – 1:2 і 3:8), аднак дагнаць стралічаўскі экспрэс камунальнікам перашкодзілі дзве нічыі з аднолькавым лікам (1:1) у сустрэчах з камандамі РАУС і “ПірамСервіс”.
На трэцяе прызавое месца выйшла каманда прыватнага прадпрыемства “ПірамСервіс”, якая больш упэўнена правяла гульні другога круга і выцесніла з ліку прызёраў каманду дзяржаўнай гімназіі. Паказальна, што ў гульні першага круга паміж гэтымі калектывамі лік быў 4:3 на карысць гімназістаў. А вось у сустрэчы другога круга гімназісты былі бязлітасна пабітыя прагнучым кубка за трэцяе месца “ПірамСервісам” – 9:0.
Наогул, другая палова турнірнай дыстанцыі для каманды гімназіі атрымалася правальнай: адбілася тое, што вялікая колькасць яе ігракоў памяняла статус гімназічны на студэнцкі і пасля пачатку новага навучальнага года ў ВНУ і каледжах каманда гімназіі ледзьве наскрэбла мінімальны састаў для выхаду на поле. У выніку гімназісты набралі 28 ачкоў, столькі ж, як і каманда торфабрыкетнага завода. Аднак у гімназічнай дружыны горшая розніца забітых і прапушчаных мячоў, таму і займаюць яны ў турнірнай табліцы пятае, а не чацвёртае месца.
Завадчане здзівілі перамогамі над будучым чэмпіёнам і трэцім прызёрам, а заняўшыя шостае месца футбалісты “Судкова” (у іх актыве 21 ачко) у многіх сустрэчах таксама зарэкамендавалі сябе няўступчывым і ўпартым сапернікам.
Далей месцы размеркаваліся наступным чынам: 7-е – РАУС; 8-е – ДЭУ-45; 9-е – ПМС; 10-е – завод гідраапаратуры.
Віктар НАЗАРАНКА.