Дух турызму жыве ў кожным з нас. Ен перайшоў ад бацькоў і дзедаў, якія яшчэ ў савецкія часы збіраліся разам з сябрамі каля кастра і спявалі песні пад гітару. Той, хто хоць аднойчы адчуў гэты сяброўскі дух, чыстае лясное паветра і яднанне з прыродай, будзе зноў і зноў вяртацца на любімыя месцы адпачынку. Менавіта гэтым і абумоўлены поспех турыстычных злётаў, якія ў наш час набываюць усё большую папулярнасць.
У чарговы раз бераг возера Ізбынь сабраў самых актыўных, спартыўных і таленавітых прадстаўнікоў вучнёўскай і працуючай моладзі. Раённыя адкрытыя турыстычныя злёты сярод вучняў, у тым ліку падлеткаў, якія знаходзяцца на ўліку ў камісіі і інспекцыі па справах непаўналетніх, работнікаў устаноў адукацыі і працуючай моладзі, прысвечаныя Году роднай зямлі, былі арганізаваны ў верасні аддзелам фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкома і раённым камітэтам БРСМ.
Прадстаўнікі ўсіх устаноў адукацыі прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемстве. Лепшымі ў асабістай тэхніцы пешаходнага турызму сталі вучні Судкоўскай СШ, у спаборніцтвах па каманднай тэхніцы – прадстаўнікі Паселіцкага д/с-СШ, яны ж сталі лепшымі ў конкурсе песень і вершаў. Выдатна справіліся з бытам вучні дзяржаўнай гімназіі і Казялужскай СШ.
Паспрабаваць свае сілы і даказаць права называцца лепшымі турыстамі ў спаборніцтвах на асабістую і камандную тэхніку пешаходнага турызму, тэхніку велатурызму, конкурсах на лепшы бівуак і турысцкую песню вырашылі каманды цэнтральнай раённай бальніцы, раённага аддзела адукацыі, завода гідраапаратуры, ПМС і КУП “Эксбаза “Стралічава”. Трэба сказаць, што першапачаткова жадаючых удзельнічаць было больш, але, на жаль, не ва ўсіх прадпрыемствах раёна ініцыятыва работнікаў была падтрымана кіраўніцтвам.
Лідэрам спаборніцтваў стала каманда ЦРБ, якая паказала лепшыя вынікі ў тэхніцы каманднага пешаходнага турызму, вела-турызме, конкурсах на лепшы бівуак і турысцкую песню. У асабістай тэхніцы пешаходнага турызму першымі сталі прадстаўнікі раённага аддзела адукацыі.
Прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае месца раздзялілі вучні дзяржаўнай гімназіі і моладзь цэнтральнай раённай бальніцы, другое – прадстаўнікі Казялужскай СШ і раённага аддзела адукацыі, а закрылі тройкі прызёраў вучні Паселіцкага д/с-СШ і работнікі КУП “Эксбаза “Стралічава”. Усе пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.
Ірына НОВІКАВА.