Выхаванне — вялікая справа

Образование

Школа для кожнага чалавека застаецца светлым, радасным астраўком дзяцінства. На жаль, дарослым на яго ўжо ніколі не вярнуцца… Толькі настаўнікі на ім маюць пастаянную прапіску. Школа для педагогаў – родны дом, а вучні – іх дзеці, памочнікі, сябры, якіх яны акружаюць сваім душэўным клопатам.  Напярэдадні Дня настаўніка педагогі раёна сабраліся ў гарадской сярэдняй школе № 3, каб разам адзначыць сваё прафесійнае свята.

Першымі ўшаноўвалі ветэранаў педагагічнай працы – людзей,  якія многія гады, не шкадуючы сіл і здароўя, абагачалі дзяцей ведамі, падобна пралітаму дажджу для прарастаючага насення. У іх адрас прагучала многа цёплых слоў і пажаданняў, былі ўручаны кветкі. Не засталіся без увагі і тыя, хто адзначыў свой дзень нараджэння напярэдадні Дня настаўніка – настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 В.А. Васькевіч і загадчыца ясляў-сада № 4 А.І. Рабянок. Уручаючы падарункі, імянінніцам жадалі моцнага здароўя, творчага натхнення і дабрабыту.

У асяроддзі педагогаў і выхавальнікаў Хойнікшчыны вялікая колькасць энтузіястаў. Сярод іх адзначаныя на мерапрыемстве загадчыца дзіцячага ясляў-сада № 5 Л.І. Міхед, яе намеснік Л.У. Дзенісюк, кіраўнік танцавальнага гуртка ЦТДіЮ А.В. Ляснічая і трэнер СДЮШАР А.М. Лук’яненка. Іх арыгінальныя падыходы, метады работы і дасягненні ўвайшлі ў скарбонку педагагічнага майстэрства раёна.

Пранікнёнымі словамі віншавалі педагогаў іх выхаванцы і калегі. Праграма канцэрта была насычана песнямі, танцамі, інсцэніроўкамі, паказальнымі выступленнямі. Музычныя падарункі педагогі атрымалі і ад  удзельнікаў ансамбля “Крыніца” дзіцячай школы мастацтваў.  Прыемна ўразіла прысутных віртуальнае віншаванне вучняў Глінішчанскага дзіцячага сада-СШ.

Сардэчна павіншаваў настаўнікаў намеснік старшыні райвыканкома В.М. Шаўчэнка. Пажадаў шчасця, поспехаў у педагагічнай дзейнасці, творчых ідэй і іх ажыццяўлення і ўручыў Ганаровыя граматы райвыканкома метадысту па ахове правоў дзяцінства аддзела адукацыі Г.В. Моўчан (на здымку), сацыяльнаму педагогу сярэдняй школы № 2 Н.І. Канцэвіковай, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Судкоўскай СШ Н.А. Ходас.

Словы ўдзячнасці ветэранам і педагогам выказала начальнік аддзела адукацыі Л.Ф. Кулакоўская. Далучылася да віншаванняў старшыня райкома прафсаюзаў работнікаў адукацыі Т.М. Сямёнава. Яны ўручылі кветкі і Ганаровыя граматы абласнога ўпраўлення і аддзела адукацыі райвыканкома, а таксама абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі  15 лепшым з лепшых. Прыемнай нечаканасцю стала тое, што былі ўзнагароджаны бібліятэкар Паселіцкага дзіцячага сада-СШ Л.В. Дорах і старшая медсястра ясляў-сада № 1 г. Хойнікі М.Р. Тарасавец.

Дзень настаўніка – гэта свята асаблівае, таму што адзначае яго кожны чалавек, бо, перш за ўсё, ён чыйсьці былы вучань. Таму павіншаваць педагогаў прыйшлі людзі розных прафесій і ўзростаў. Са шчырымі пажаданнямі перад прысутнымі выступілі начальнік аддзела культуры райвыканкома В.І. Баранаў і першы сакратар РК ГА “БРСМ” Л.А. Гаркуша.

Спрыялі добраму настрою прысутных выстаўкі падзелак, фотаздымкаў, кулінарных шэдэўраў.


Наталля ЧЭКАН.
Фота Ірыны Новікавай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *