Восеньскі дзянёк выдаўся, як пад заказ. Ярка свяціла сонца, зрэдку хаваючыся за шматкамі хмарак. На гукі музыкі збіраўся народ – жыхары вуліцы Будзённага да месца, дзе на агароджы, выцягнутыя з бабуліных куфэркаў красаваліся рознакаляровыя тканыя посцілкі, вышыванкі, вязанне. Да дыхтоўнай агароджы прытуліўся плецены з лазы плоцік, з далёкай даўніны “прыляцелі” ступа з таўкачом, самапрадка, нават лапці, яшчэ не ношаныя, дэманструючы “высокую моду” прашчураў, павіслі горда на цвіку. З цікавасцю разглядвалі няхітрыя прадметы дамашняга ўжытку мінулага цікаўныя хлопчыкі і дзяўчынкі.
А на імправізаванай сцэне, насупраць, дзе красавалася лічба “35”, ужо разгортвалася дзейства. Нязменная вядучая многіх мерапрыемстваў, мастацкі кіраўнік гарадскога цэнтра культуры і спорту Л.У. Краўчанка вітала жыхароў вуліцы Будзённага райцэнтра са святам.
Тутэйшы старажыл Мікалай Іосіфавіч Салянка прыпомніў, што ў 1974 годзе, калі 14 сакавіка гарадскі Савет прыняў рашэнне аб прысваенні вуліцы імя палкаводца грамадзянскай вайны, будаваў ён дом пятнаццатым, а зямлю пад забудову адмяраў тагачасны землеўпарадкавальнік В.К. Галушка. Было тады Мікалаю Іосіфавічу 26 год і быў ён самым старэйшым сярод забудоўшчыкаў.
Ішлі гады, расла вуліца. Некаторыя маладыя сем’і сталі называцца мнагадзетнымі. Сярод іх Святланы Іосіфаўны і Аляксандра Міхайлавіча Дыгуноў, якія вырасцілі і выхавалі пяцёра дзяцей, а зараз ужо маюць 11 унукаў. Сярод мнагадзетных таксама сем’і Бародкіных, Міненкаў, Козыравых, Дземідзенка, Парукевічаў.
Адметным, як адзначалася на свяце вуліцы, з’яўляецца тое, што трое жыхароў яе у маладосці пачаўшы міліцэйскую службу, выйшлі ў адстаўку заслужанымі, паважанымі людзьмі. Гэта А.А. Сліжыкаў, В.В. Кузьменка, Т.С. Альпяровіч. Адметнае і тое, што ў чарнобыльскі год і пасля не ўпалі ў радыефобію “будзёнаўцы”, не пакінулі родныя селішчы.
З нагоды 35-гадовага юбілею вуліцы жыхароў яе шчыра павіншавала старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.М. Рабінкіна. З начальнікам аддзела архітэктуры, будаўніцтва, ЖКГ і па праблемах ліквідацыі вынікаў катастрофы на ЧАЭС Р.І. Каржанок Галіна Мікалаеўна ўручыла Ганаровыя дыпломы за лепшае падвор’е: першае месца ў конкурсе заняла сям’я Кірэйчык, другое – Сліжыкавых, трэцяе – Шпарун. Падзячныя пісьмы атрымалі сем’і Дашук, Дзям’яненка, Дыгун, Пяхота і Лапуста.
Не забыліся на свяце і павіншавалі юбіляраў, каму сёлета споўнілася 60 год. А Нэлі Васільеўну Іванцову – з 35-годдзем працы ў раённым спажывецкім таварыстве.
Выдатна спявалі самадзейныя артысты ГЦКіС Васілій Найдзенка, Мікалай Кабанькоў, Яўгеній Заяц, індывідуальны прадпрымальнік Дзмітрый Цішкевіч. Ды і жыхары вуліцы паказалі, на што здатныя. Да прыкладу, С.В. Зубок па-майстэрску прачытала байку, сэнс якой у тым, каб мужыкоў цанілі бабы і мелі падыход да іх. Танцавалі, падпявалі артыстам, а некаторыя, мусіць, успомніўшы гады маладыя, змахнулі няпрошаную слязу. І адчувалася, што жывуць на вуліцы Будзённага адной дружнай сям’ёй. Ніколі не дзялілі яны межы, не сварыліся. Адзін перад адным стараюцца паказаць, што акуратныя і гаспадарлівыя, у чысціні і парадку ўтрымліваюць тэрыторыі вакол домаўладанняў. Некалі яны хацелі, каб назвалі іх вуліцу Маладзёжнай, бо самі маладыя былі. Але ж гарадская ўлада вырашыла на Хойнікшчыне ўвекавечыць імя палкаводца грамадзянскай вайны Сямёна Міхайлавіча, адчайнага рубаку, які і ў Вялікую Айчынную хацеў было з шашкай на танкі ісці. Можа і добра, што так назвалі, бо рвецца з горада, як ліхі кавалерыст, вуліца ў поле шырокае.
На заканчэнне свята прыпаднесла землякам ад сябе асабіста вялікі смачны торт намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкома Л.У. Толмач. Дарэчы, Людмілу Уладзіміраўну жыхары абралі сваім упаўнаважаным і яна была ініцыятарам правядзення свята вуліцы.
Доўга яшчэ не разыходзіліся па дамах жыхары.Такія не заарганізаваныя мерапрыемствы згуртоўваюць людзей. І любяць сэрцам яны не толькі дом родны, сваю сям’ю, а і суседзяў, сяброў, становяцца дабрэй.
Уладзімір СЯМЕНАЎ.
На здымках: моманты свята.