Неспакой
Мы сталі вязнямі прагрэсу,
У якім машыны верх бяруць,
А нас часцей даймаюць стрэсы,
Клеткі нервовыя жуюць.
Імкненне розуму спазнаці
Няма мяжы,– то не сакрэт,
Але не здольны спачуваці
Машын халодны інтэлект.
І нават мірны быццам атам
Прыроду губіць, як іржа,
Сябе паводзіць, як анатам
І рэжа жыцці без нажа.
Я за прагрэс, за адраджэнне,
Але трывожней з году ў год:
У Сусвет зляціць без прыцягнення
Планета, як чарвівы плод.
Мы бы ў вар’яцкім карагодзе.
Прашу, эпоха, бег сцішы
Да спусташэння ў прыродзе
І ў чалавечае душы!