Па «п’янай» дарозе


Гавораць, што спіртное на дзве часткі падзелена: на весялосць і на гора. Асабліва гэта справядліва для тых, хто імкнецца спалучаць яго з ваджэннем аўтатранспарту. Хаця сёлета за 9 месяцаў года колькасць дарожна-транспартных здарэнняў у раёне зменшылася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага з 12 да 8 і ніводнага няма са смяротным зыходам, тым не менш даводзіцца канстатаваць, што 203 вадзіцелі затрыманы за кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення. Усе яны былі патэнцыяльныя кандыдаты на здзяйсненне ДТЗ, у якіх не выключалася магчымасць смяротнага зыходу.

Толькі адзін прыклад. У мінулым месяцы вадзіцель аўтамабіля “Вольва”, знаходзячыся ў нецвярозым стане, на вуліцы Савецкай вёскі Стралічава не прапусціў скутэр, які рухаўся па галоўнай дарозе. У выніку сутыкнення пацярпела пасажырка  скутэра, атрымаўшы цялесныя пашкоджанні.

Вадзіцель “Вольва” прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення ў выглядзе штрафу і пазбаўлены права кіраваць  транспартным сродкам на 36 месяцаў, а за дарожна-транспартнае здарэнне пазбаўлены кіраваць любым транспартным сродкам на 24 месяцы.

Ляснік Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка Васілій Васільевіч Вяргейчык таксама пазбаўлены вадзіцельскіх правоў, бо быў затрыманы п’яным за рулём свайго “Фольксвагена” і аштрафаваны на 1050000 рублёў.

У такую ж суму абышліся п’яныя віражы інжынеру эксперыментальнай базы “Стралічава” Міхаілу Фёдаравічу Акуленку.

Заплацілі па 700 тысяч рублёў штрафу і пазбаўлены права кіраваць транспартнымі сродкамі машыніст пагрузчыка торфабрыкетнага завода Васілій Іванавіч Болдыраў, трактарыст КСУП імя Мележа Альберт Уладзіміравіч Дуброва, трактарыст ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” Уладзімір Мечыслававіч Галубовіч, вадзіцель КСУП “Велікаборскі” Сяргей Іванавіч Тальчук, манцёр Гомельскай дыстанцыі пуці Яўгеній Генадзьевіч Вінцэвіч, вадзіцель цэнтральнай раённай бальніцы Валерый Аляксандравіч Гардзеенка, трактарыст ДБУ-23 Вадзім Аляксеевіч Сярмяжка. У кагорце “семсоттысячнікаў” ёсць і адна дама. 5 верасня за рулём “Вольва-440” затрымана ў нецвярозым стане акушэрка цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Уладзіміраўна Графа.

Па 525 тысяч рублёў штрафу заплацілі і аддалі вадзіцельскія правы механізатар эксбазы “Стралічава” Віктар Міхайлавіч Ласіца, інжынер Хойніцкага РВПС Андрэй Міхайлавіч Лобан, майстар участка КДБУП “Хойніцкая ПМК” Аляксандр Мікалаевіч Карпенка, начальнік участка КЖУП “Хойніцкі камунальнік” Мікалай Мікалаевіч Бяляўскі.

Спіс гэты можна працягваць, бо толькі за жнівень, верасень і 10 дзён кастрычніка затрымана больш за 80 вадзіцеляў у нецвярозым стане. Статыстыка ДТЗ сведчыць, што 16 працэнтаў дарожна-транспартных здарэнняў, якія адбыліся па віне вадзіцеляў, звязаны з алкаголем; 40 працэнтаў вадзіцеляў, якія загінулі ў выніку ДТЗ, знаходзіліся ў нецвярозым стане.

Алкаголь – адзін з самых каварных ворагаў вадзіцеля, бо робіць яго безабаронным перад малейшай небяспекай. Але асноўнае каварства заключаецца ў тым, што нецвярозы чалавек не толькі не заўважае гэтага, але нават лічыць, што стаў разумнейшы, мацнейшы, хітрэйшы. У гэтым і крыецца самая вялікая небяспека.


У. ТАЛЮК,
в.а. начальніка аддзялення ДАІ РАУС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *