Гаворачы словамі Л. Бетховена, “…для чалавека з талентам і любоўю да працы не існуе ніякіх перашкод”. Няма іх і для нашых выхаванцаў, бо для дасягнення жадаемага яны прыкладваюць усё ўменне і творчасць. Таму і атрымліваюць прызнанне на рознаўзроўневых конкурсах.
Дыпломам Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ўзнагароджана Елізавета Пракошына, вучаніца гуртка “Мяккая цацка” ЦТДіЮ, якая прыняла ўдзел у рэспубліканскім конкурсе-выстаўцы дзіцячай творчасці “Калядная зорка”. Увазе журы яна прадставіла работу пад назвай “Сустрэча пад Каляды”.
Высокія вынікі паказала вучаніца гуртка “Турызм” Марына Казакова ў адкрытым асабістым першынстве па турысцка-прыкладному мнагаборству, якое праходзіла на базе Гомельскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства. Яна стала ўладальніцай Дыплома ІІІ ступені.
Сваю творчую работу прадставілі на абласным конкурсе флорадызайна “Калядныя цуды” вучаніцы гуртка саломапляцення Мальвіна Курэнь і Наталля Новік. Дзяўчаты былі адзначаны Дыпломам Гомельскага Палаца творчасці дзяцей і моладзі.
Удала заявіла аб сабе каманда з ліку вучняў гуртка “Турызм”, якая прадстаўляла наш раён на адкрытым камандным спаборніцтве “Пошукава-выратавальныя работы”. Рабяты сталі пераможцамі ў двух этапах, за што атрымалі Дымломы ІІ і ІІІ ступеняў Гомельскага цэнтра турызму і краязнаўства.
Граматай Гомельскага Палаца творчасці дзяцей і моладзі ўзнагароджаны танцавальны калектыў “Драйв” ЦТДіЮ. Яго ўдзельніцы вызначыліся ў абласным конкурсе “Танцавальная карусель”.
А. ДЫГУН,
дырэктар ЦТДіЮ.