Мама, мамачка, матуля…


Самыя галоўныя ў жыцці кожнага з нас словы, якія будуць гучаць заўсёды, пакуль існуюць людзі на зямлі.

У стракатым россыпе слоў, якія з мільёнаў вуснаў жыхароў гэтай планеты штоімгненна ляцяць у Сусвет, ёсць адно, якое вымаўляецца найчасцей, зразумелае на ўсіх кантынентах, у розных грамадствах, сярод спавядальнікаў розных рэлігій. “МАМА” гучыць над зямлёй з пачатку часоў, будзе гучаць на ёй, пакуль будуць жыць людзі. Гучыць няспынна, на розныя галасы, не сціхаючы ні на сотую долю секунды, як самы велічны гімн самай найвялікшай у жыцці кожнага каштоўнасці, як самая працяглая і шчырая малітва за яе.

Калі чалавек можа вымаўляць гэтае слова штодня – ён можа лічыць сябе шчаслівым. Бо тая, каго ён ім называе, ніколі не пакіне і не асудзіць. Бо пад яе жывымі далонямі нават сівая ўжо, мудрая галава заўсёды знаходзіць дараванне любой правіннасці і выратаванне ад любой навалы. Бо яе прысутнасць у гэтым свеце – няхай нават за сотні кіламетраў – гэта той запасны аэрадром, які – заўсёды, на які можна прымчацца ашаломлена-шчаслівым ці ўпасці з пакалечанымі ўшчэнт крыламі.

…Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае рэспубліканскаму Дню маці, праходзіла 14 кастрычніка ў дзіцячай школе мастацтваў. У фае запрошаных на свята чакалі персанальныя выстаўкі жывапісных работ хойніцкіх мастакоў Марыі Іванаўны Марчанка і Генадзія Мікалаевіча Чачанкова.

М.І. Марчанка закончыла Бабруйскае мастацкае вучылішча. Працуе ў розных тэхніках: халодны бацік, піша маслам і акварэллю, займаецца роспісам па дрэву і скурпластыкай. Мастачка – пастаянная ўдзельніца выставак, якія праходзяць у абласным Доме мастацкай творчасці. Працуючы ў ДПТВ-183, свае веды і ўменні ў жывапісу Марыя Іванаўна перадае навучэнцам, а таксама кіруе гуртком мяккай цацкі.

Магіяй колеру заварожваюць творы Г. М. Чачанкова. Усе работы з выстаўленых карцін на выстаўцы – тэма ракі Прыпяць і яе стану ва ўсе поры года. Прырода – гэта прыгажосць, дабрыня, дэфіцыт якой мы ўсе адчуваем. Сэнс усяго жыцця мастака як чалавека – у прыгажосці і яго велізарнае жаданне данесці яе людзям. А мір, як сведчаць яго карціны, з якімі  пазнаёміліся хайнічане, – гэта лепшы стан прыгажосці. Увогуле мастак любіць і нацюрморт, і жанр, і партрэт. Любіць колер з яго велізарнымі магчымасцямі.

“Я. Восень. Мама” – такую назву мае выстаўка малюнкаў пяцікласнікаў СШ № 1 С. Шчогалева, А. Вяргейчык, М. Турчанскай, М. Прыходзькі, К. Краўчанкі, вучняў шостага класа гэтай школы А. Кузьменка, А. Чэкан, Г. Дворнік. Колькі любві, колькі цяпла ў гэтых простых, напісаных алоўкам, творах!

Для кожнага з нас маці – гэта святое. Яна заўсёды з намі і ўсюды суправаджае па складанай і цяжкай дарозе жыцця. Ад усяго сэрца віншаваў усіх матуль-хайнічанак намеснік старшыні райвыканкома В.М. Шаўчэнка, выказаў словы шчырага захаплення і ўдзячнасці за ўменне спалучаць прафесійную дзейнасць з выкананнем самага галоўнага прызначэння – быць захавальніцамі дамашняга ачага, традыцыйных маральных каштоўнасцей і ўстояў, нараджаць і выхоўваць сыноў і дачок. Віталій Мікалаевіч пры гэтым адзначыў, што пытанні аховы мацярынства і дзяцінства, усебаковай падтрымкі маладых, прыёмных і мнагадзетных сем’яў з’яўляюцца важнымі напрамкамі сацыяльнай палітыкі ў нашай краіне. В.М. Шаўчэнка ў час урачыстасці ўручыў пасведчанне мнагадзетнай маці. Прадавец магазіна Наталля Сяргееўна і электрамеханік раённага вузла электрычнай сувязі Андрэй Аляксандравіч Рабянок выхоўваюць трох дзяцей – дзвюх дзяўчынак і аднаго хлопчыка. 

 Кожнай маме зямлі хойніцкай зычыла здароўя, прыгажосці, любові, пяшчоты, увагі і павагі старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.М. Рабінкіна. Пажадала, каб іх усмешка, іх ласкавыя рукі былі галоўнымі пуцяводнымі зоркамі для іх дзяцей, каб быў шчаслівым іх лёс.

21 верасня 2009 года, у дзень Нараджэння Святой Багародзіцы ў сям’і Сяргея Іванавіча і Марыны Валянцінаўны Рудзянок нарадзіўся другі сын, якога назвалі Дзянісам. Шчаслівых бацькоў разам з іх старэйшым сынам Ігарам запрасілі на сцэну, дзе іх павіншавала начальнік аддзела ЗАГС райвыканкома А.М. Дземідзенка, падарункі ўручылі старшыня райсавета дэпутатаў Г.М. Рабінкіна і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкома В.С. Васькевіч – Дзяніс Рудзянок нарадзіўся ў тыдзень міру, які праводзіўся на Беларусі, і ўжо з самага нараджэння гэты хлопчык мае званне “Дзіця міру”.

На свяце гучала многа песень аб самым дарагім чалавеку на зямлі – маці. Ва ўрачыстую кампазіцыю гарманічна ўпісаліся нумары канцэрта, які падрыхтавалі да гэтай падзеі мужчынскі вакальны ансамбль “Галасы Палесся”, дзіцячы ўзорны ансамбль “Верасок” і выхаванцы студыі харэаграфіі дзіцячай школы мастацтваў, удзельнікі вакальнага ансамбля “Светлячок” пры ГЦКіС, а таксама ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці горада.

…Калі чалавеку ёсць каму штодня сказаць “мама” – ён ужо шчаслівы.  А ёй, той, што чакае з усіх дарог, самой для шчасця зусім нямнога трэба – каб у тэлефоннай трубцы ці з парога пачулася: “Ну як ты, мамачка?”.


Клаўдзія БОСАК.
На здымках: сям’я Рудзянок; творы юных мастакоў, выступленне выхаванцаў студыі харэаграфіі дзіцячай школы мастацтваў.
Фота Вольгі БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *