У рамках адзінага дня інфармавання насельніцтва адбылася сустрэча інфармацыйна-прапагандысцкай групы на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічанам з працоўным калектывам ДПТВ-183.
Тэма мерапрыемства: “Змяненні ў сістэме адраснай сацыяльнай дапамогі” (згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 верасня 2009 года № 458 “Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе”) была асветлена начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкома В.С. Васькевічам. Адзначалася, што спрошчана працэдура прадастаўлення дапамогі: у адзіную сістэму дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі аб’яднаны два віды дзяржаўнай падтрымкі грамадзян – штомесячная сацыяльная дапамога і безнаяўныя жыллёвыя субсідыі. Устаноўлены адзіны крытэрый патрэбнасці грамадзян для прадастаўлення дзяржаўнай падтрымкі. Акрамя таго, павышаны крытэрый патрэбнасці для назначэння грамадзянам, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, аднаразовай сацыяльнай дапамогі са 120 да 150 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.
Павялічаны таксама перыяд назначэння дапамогі ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі да шасці месяцаў (згодна з Указам № 638 такая дапамога назначалася, як правіла, на тры месяцы. Сукупны даход сям’і (грамадзяніна) для назначэння дапамогі будзе вылічвацца за дванаццаць месяцаў, якія папярэднічалі месяцу звароту (а не за тры месяцы, як прадугледжвалася Указам № 638).
Уведзены новы від дзяржаўнай адраснай дапамогі – сацыяльная дапамога на аплату тэхнічных сродкаў рэабілітацыі. Такая дзяржаўная падтрымка будзе аказвацца незалежна ад даходу сям’і (грамадзяніна) дзецям ва ўзросце да 18 гадоў, якія не прызнаны інвалідамі, але маюць патрэбу ў такіх сродках сацыяльнай рэабілітацыі па медыцынскіх паказаннях, а таксама інвалідам ІІІ групы (акрамя асоб, інваліднасць якіх наступіла ў выніку іх супрацьпраўных дзеянняў).
В.С. Васькевіч адзначыў, што за ўтойванне звестак аб даходах, неабходных для прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, сем’і (грамадзяне) будуць пазбаўляцца права на зварот па такую падтрымку і на яе атрыманне на дванаццаць месяцаў. Сабраць пакет дакументаў для назначэння дзяржаўнай дапамогі можа сам звярнуўшыйся, а таксама дапамогу ў гэтым могуць аказаць спецыялісты ўпраўлення.
Як вядома, Указ № 458 уступае ў сілу з 1 студзеня 2010 года.
З інфармацыяй “Аб прафілактыцы дзіцячай неспрыяльнасці” выступіла намеснік старшыні па справах непаўналетніх пры райвыканкоме А.С. Содаль. Аб аператыўнай абстаноўцы на тэрыторыі раёна далажыў начальнік райаддзела ўнутраных спраў Г.І. Гапоненка.
Са справаздачай аб падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона выступіў дырэктар КЖУП “Хойніцкі камунальнік” А.М. Клюкаўкін, паведаміў, што зменшылася колькасць скарг грамадзян на цяпло, рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на схему цеплазабеспячэння г. Хойнікі. Заменена 4 тысячы квадратных метраў дахавага пакрыцця. Аднак па-ранейшаму застаецца на прадпрыемстве праблема кадраў-спецыялістаў і пратэрмінаванне аплаты за камунальныя паслугі.
Падводзячы вынікі сустрэчы, старшыня райвыканкома А.В. Бічан пазнаёміў прысутных з сацыяльна-эканамічным становішчам раёна. У прамысловасці абсалютным лідэрам з’яўляецца ПУП “Палескія сыры”, тут нядаўна адкрыты новы кампрэсарны цэх, што будзе спрыяць якасці выпускаемай прадукцыі. Сельскія працаўнікі таксама добра пастараліся, у раёне атрымана па 39 цэнтнераў збожжавых з гектара. Праводзіцца вялікі комплекс работ па добраўпарадкаванню ў сувязі з абласнымі дажынкамі і Днём беларускай пісьменнасці.
Як пажаданне, адміністрацыі прымаючага калектыву была выказана прапанова абнавіць машынна-трактарны парк.
Клаўдзія БОСАК.