21 кастрычніка ў экспазіцыйнай зале музея “Трагедыя Чарнобыля” адкрылася выстаўка рэпрадукцый карцін вядомага беларускага мастака М. Савіцкага.
Міхаіл Савіцкі – ураджэнец Віцебскай вобласці, ваяваў у асаджаным Севастопалі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Быў вязнем фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў Бухенвальд і Дахау. У пасляваенны час закончыў Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава. Так склаўся яго жыццёвы лёс – здзіўляючы і мэтанакіраваны. І характар мастака, незалежны, творчы, загартоўваўся на кожнай ступеньцы ўзыходжання ад сціплага юнака з вёскі Звянічы да паважанага акадэміка жывапісу і мысліцеля.
На выстаўцы прадстаўлены дзесяць рэпрадукцый карцін мастака, аб’яднаных адной тэмай: выстаўка носіць назву “Чарнобыльская быль”. Такімі ж знакавымі з’яўляюцца і назвы рэпрадукцый: “Чарнобыльская мадонна”, “Настальгія”, “Рэквіем”…
Першымі наведалі выстаўку і пакінулі свае водгукі ў Кнізе прапаноў музея вучні Судкоўскай сярэдняй школы. Запрашаю наведаць выстаўку калектывы агульнаадукацыйных устаноў раёна, прадпрыемстваў і арганізацый. Выстаўка працуе з 8.30 да 17.30 штодзённа, акрамя нядзелі і панядзелка.
В. ГАЦКО,
дырэктар музея “Трагедыя Чарнобыля”.