Увесь асартымент тавараў


У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 371 ад 6.07.2009г. “Аб ільготным спажывецкім крэдытаванні” Саветам Міністраў зацверджаны пералік тавараў, для набыцця якіх малазабяспечаным грамадзянам прадастаўляюцца льготныя спажывецкія крэдыты. Ці змогуць жыхары Хойнікшчыны скарыстацца імі, не выязджаючы за межы раёна? Якія тавары з зацверджанага пераліку можна набыць у нашых магазінах? На гэтыя пытанні карэспандэнту “ХН” адказала намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства Т.П. САХАНЬКОВА.

– Паміж ААТ “ААБ Беларусбанк” і праўленнем Белкаапсаюза 18 жніўня было падпісана пагадненне аб сумесных мерах па рэалізацыі Указа Прэзідэнта № 371. Раённае спажывецкае таварыства зацікаўлена ў рэалізацыі гэтага ўказа, каб жыхары раёна маглі набываць тавары на месцы – гэта выгадна пакупніку, і наша прадпрыемства зможа павялічыць рознічны тавараабарот.

Вызначаны пералік магазінаў, у якіх адпускаюцца тавары па льготнаму безнаяўнаму разліку. У горадзе гэта ўсе магазіны, якія гандлююць прамысловымі таварамі, у вёсках раёна – магазіны, якія працуюць на цэнтральных сядзібах гаспадарак. Кожны гандлёвы аб’ект забяспечаны інфармацыяй аб пераліку тавараў, аб парадку афармлення і выдачы крэдытаў. Пакупнікі могуць азнаёміцца з неабходнай інфармацыяй у гандлёвых залах. Так, ва універмагу арганізаваны фірменныя секцыі прадпрыемстваў “Віцязь” і “Гарызонт”, дзе можна набыць тэлевізары па льготнаму крэдыту, да таго ж, гандлёвая надбаўка на гэтыя тавары на 10 працэнтаў ніжэй.

Фактычна ўсе найменні тавараў, указаных у пераліку, маюцца ў наяўнасці ў гарадскіх магазінах гаспадарчых і прамысловых тавараў, за выключэннем мотаблокаў, прычэпаў, міні-трактараў. Але дзякуючы сістэме заявак любы тавар з пераліку мы можам даставіць спажыўцу на працягу двух тыдняў. Кліентам гэтых магазінаў прапаноўваем азнаёміцца з каталагамі буйных фірм-вытворцаў мэблі:  “Пінскдрэў”, “Гомельдрэў”, “Жлобінмэбля” і іншых.

З тавараў, якія набываюцца па льготных спажывецкіх крэдытах, попытам карыстаюцца халадзільнікі “Атлант” і мэбля пінскай вытворчасці.


Запісала Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *