З алергіяй не жартуюць

Спорт

Яшчэ ў час цяжарнасці будучая маці павінна прытрымлівацца гіпаалергеннай дыеты. Гэта неабходна рабіць і ў тым выпадку, калі ў сям’і ўжо ёсць дзіця-алергік або сама маці пакутуе на алергію. Не ўжывайце ў такім выпадку ў час цяжарнасці цытрусавыя, шакалад, мёд, вэнджаніну, не злоўжывайце салодкім.

Прыём прабіётыкаў,  якія ўтрымліваюць лакта і біфідабактэрыі, жанчынамі ў час цяжарнасці і кармлення грудзьмі, дзецьмі ў першыя 6 месяцаў жыцця, значна зніжае частату праяўлення атапічнага дэрматыту.

На працягу першых 4 месяцаў жыцця дзіцяці рэкамендавана выключна грудное выкормліванне. Пры неабходнасці для дакормлівання выкарыстоўваюцца гіпаалергенныя сумесі, якія шырока прадстаўлены на прылаўках нашых магазінаў і аптэк.

Прыкормы ўводзяць з 4-месячнага ўзросту з выключэннем алергенных прадуктаў: сокаў з пладоў чырвонай і аранжавай афарбоўкі, жаўтка, курыцы, рыбы, выключаць любыя мясныя булёны.

Важны фактар у прафілактыцы алергічных захворванняў – выключэнне кантакту дзіцяці з тытунёвым дымам. Курыць у памяшканні, дзе ёсць маленькае дзіця, асабліва нованароджанае, нельга. Пры наступленні цяжарнасці і пры кармленні грудзьмі жанчына  таксама павінна кінуць курыць.

У памяшканні, дзе знаходзіцца маленькае дзіця, не павінна быць вільготна. Неабходна частая ўборка памяшкання, праветрыванне, знішчэнне мух і тараканаў. Непажадана і прысутнасць у доме катоў і сабак, бо яны таксама могуць стаць прычынай алергіі.


Л. ДЗІДУН, урач-педыятр ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *