На карысць народа і дзяржавы


1 ліпеня сёлета Хойніцкі аддзел Дэпартамента аховы адзначыў свой паўвекавы юбілей, а заўтра яго супрацоўнікі адзначаюць прафесійнае свята, бо менавіта ў гэты дзень у кастрычніку 1952 года Савет Міністраў СССР прыняў Пастанову № 4633-1835с “Аб выкарыстанні работнікаў у прамысловасці, будаўніцтве і іншых галінах народнай гаспадаркі, вызваліўшыхся з аховы, і мерах па паляпшэнню справы арганізацыі аховы гаспадарчых аб’ектаў міністэрстваў і ведамстваў”. Наш карэспандэнт сустрэўся з начальнікам Хойніцкага аддзела А.А. ПАЛЕЕНКАМ.

– Аляксандр Аляксеевіч, давайце зробім кароткі экскурс у мінулае хойніцкай аховы.

– З першых дзён свайго ўтварэння наш аддзел працуе на карысць грамадзян і дзяржавы. У 1950 годзе ён меў статус міжраённага і ажыццяўляў ахову аб’ектаў розных форм уласнасці ў горадзе Хойнікі, гарадскіх пасёлках Брагін, Лоеў і Камарын. Кіраваў аддзелам старшы лейтэнант міліцыі Міхаіл Іванавіч Бяспалы.

У далейшым аддзел узначальвалі В.Р. Нікіфараў, А.Р. Якіменка, А.А. Сліжыкаў, М.Р. Мазуркін, С.Т. Дубікоўскі, А.Л. Жаўняк. Заўсёды было прафесійнае здаровае ядро калектыву, для яго развіцця ствараліся неабходныя ўмовы. Сёння мы па праву ганарымся сваімі ветэранамі. У іх ліку Ю.Ф. Багдановіч, М.М. Забурская, К.А. Каток, Л.А. Дубікоўская, Л.В. Рашко, Я.У. Бяспалы, В.М. Капітан, А.А. Вяргейчык, М.М. Гардзейчык, В.В. Гапоненка, Г.У. Шлег.

– Што ўяўляе зараз калектыў, які вы ўзначальваеце, якія яго галоўныя задачы?

– Колькасна – гэта 115 штатных адзінак, з якіх 27 чалавек атэставанага саставу, 12 супрацоўнікаў банкаўскай міліцыі, 5 міліцыянераў-вадзіцеляў, 4 міліцыянеры-кінолагі.

Згодна з дыслакацыяй маршрута патрулявання аховы ў аддзяленні ёсць два стацыянарныя міліцэйскія пасты і адзін маршрут патрулявання групы затрымання, якая нясе службу круглыя суткі. Аддзелам ахоўваецца 82 аб’екты розных форм уласнасці, 16 аб’ектаў вартавай аховай, міліцыяй – 64 аб’екты. Забяспечваецца ахова грамадскага парадку шляхам заключэння дагавораў на трывожную сігналізацыю з 51 аб’екта, пры гэтым ахоўваецца 78 памяшканняў з асабістай маёмасцю грамадзян. 8 памяшканняў абсталяваны ручнымі сістэмамі трывожнай сігналізацыі.

Акрамя гэтага заключана 16 дагавораў аказання дадатковых паслуг, з якіх 8 па праверцы і інспекціраванню ведамаснай вартавай аховы, 5 па эксплуатацыйнаму абслугоўванню ахоўна-пажарнай сігналізацыі, 3 дагаворы па кантролю за тэхнічнымі сродкамі сігналізацыі без рэагавання нарадаў міліцыі.

– Як часта супрацоўнікам аддзела даводзіцца выконваць агульнаміліцэйскія функцыі?

– Штодзённа. Выконваючы асноўную функцыю, нашы нарады пастаянна раскрываюць злачынствы і затрымліваюць людзей, іх здзейсніўшых. За 9 месяцаў раскрыта 11 злачынстваў, з якіх 3 хуліганствы, 3 крадзяжы, 4 рабаўніцтвы і адзін разбой.

Знаходзячыся на маршрутах патрулявання, нашы супрацоўнікі ўжо як звычайныя міліцыянеры займаюцца аховай грамадскага парадку. Асаблівую ўвагу звяртаюць на людзей, якія праяўляюць павышаны інтарэс да тэхнічнай умацаванасці аб’ектаў, да арганізацыі іх аховы. Мы павінны заўважаць асоб, якія праяўляюць падазроную насцярожанасць, неспакой, апранутых не па сезону або ў адзенне, якое не адпавядае памеру, не праходзіць каля шумных кампаній, якія збіраюцца ў дварах і на вуліцах.

Асабовым саставам забяспечваецца выкананне пастаўленых задач у праводзімых у горадзе і раёне мерапрыемствах, планавых мерапрыемстваў па спыненню і прадухіленню правапарушэнняў і злачынстваў.

– Калі ласка, прывядзіце некалькі прыкладаў раскрыцця злачынстваў.

– 2 мая сёлета ў 13.39 нараду міліцыі групы затрымання паступіла паведамленне ад дзяжурнага раённага аддзела ўнутраных спраў аб выбыцці на месца здарэння ў магазін № 34 райпо (вул. Калесніка, 69). Там невядомы мужчына пад пагрозай нажа патрабаваў ад прадаўца спіртное. Прыбыўшая ў 13.45 група затрымала грамадзяніна А.І. Рагавенку, 1976 года нараджэння, лесніка ДЛГУ “Хойніцкі лясгас”. На яго потым была ўзбуджана крымінальная справа.

А 20 мая індывідуальны прадпрымальнік Н.А. Сініца, якая гандлявала на рынку “Юбілейны” паскардзілася, што невядомы мужчына сярод белага дня ўкраў у яе дамскую сумачку. У ходзе праведзеных пошукавых мерапрыемстваў супрацоўнікі нарада міліцыі групы затрымання па атрыманых ад пацярпеўшай прыкметах на гарадскіх могілках затрымалі раней судзімага, нідзе не працуючага ўраджэнца і жыхара горада Хойнікі Д.Я. Новікава. У яго і знайшлі сумачку.

З пачатку года асабовым саставам аддзела выяўлены і спынены таксама 72 адміністрацыйныя правапарушэнні, у асноўным гэта дробныя крадзяжы.

– І хто ж вашы шэрлакі холмсы?

– Па лініі крымінальнага вышуку два злачынствы раскрыты супрацоўнікам аддзела С.І. Турскім, па тры – А.В. Максімовічам, С.Я. Ярцам, П.А. Котчанкам, Б.В. Барысенкам.

– Аляксандр Аляксеевіч, якія планы на бліжэйшы час і на 2010 год?

– Задача першаступеннай важнасці падраздзяленняў аховы і ў гэтым, і ў наступным годзе – не дапусціць скарачэння колькасці ахоўваемых аб’ектаў, змяншэння аб’ёмаў аказваемых платных паслуг. Бо менавіта ад гэтага залежыць захаванне рабочых месц, своечасовая выплата зарплаты, далейшае развіццё службы.


Запісаў Уладзімір СЯМЕНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *