У лістападзе спаўняецца тры гады з дня ўступлення ў сілу Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 ад 24.11.2006 г. “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях”. Што і казаць, нямала хлопчыкаў і дзяўчынак, чыё дзяцінства азмрочана недастойнымі і нават злачыннымі паводзінамі бацькоў, змешчана ў дзяржаўныя дзіцячыя ўстановы. А названы нарматыўны акт якраз і абавязвае бесклапотных гора-бацькоў або асоб, пазбаўленых бацькоўскіх правоў, пакрываць расходы на ўтрыманне іх дзяцей на дзяржаўным забеспячэнні. Аднак наіўным было б чакаць ад многіх з гэтай катэгорыі грамадзян належнай законапаслухмянасці, як і дарэмна спадзявацца на іх, хаця б нейкія, бацькоўскія пачуцці.
Узяць, да прыкладу, раней судзімую жыхарку райцэнтра Ірыну Валер’еўну Цярэшчанка. На падставе рашэння суда Хойніцкага раёна ад 12.02.2008 г. яна была пазбаўлена бацькоўскіх правоў у адносінах непаўналетняга сына Арцёма, 1999 года нараджэння, і абавязана выплачваць расходы на яго ўтрыманне адзіначасова ў суме 2558050 рублёў за знаходжанне дзіцяці ў Рэчыцкай дзяржаўнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. 28 лютага мінулага года І.В. Цярэшчанка была пастаўлена на ўлік у Хойніцкім РАУС у якасці абавязанай асобы ў адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 і працаўладкавана ў Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Аднак знаходзячыся пад следствам і будучы асуджанай 18 лістапада 2008 года па арт. 174 ч.2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне бацькоў ад пакрыцця расходаў затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, выражанае ў няяўцы на работу дзесяць і больш рабочых дзён на працягу трох месяцаў), Ірына Валер’еўна належных вывадаў не зрабіла. Больш таго, у наступным месяцы – снежні 2008 года, яна наогул не выходзіла на работу. У агульнай колькасці ёй здзейснена 34 прагулы на працягу трох месяцаў. За гэты час узнікла грашовая запазычанасць перад школай-інтэрнатам у памеры 991480 рублёў.
На падставе пастановы аб судовым загадзе суда Хойніцкага раёна ад 30.10.2008 г. абавязаны ў салідарным парадку пакрываць расходы на ўтрыманне свайго сына Яўгенія, 1998 года нараджэння, жыхар г. Хойнікі В.Р. Шутаў. 3 лістапада 2008 года ён быў таксама пастаўлены на ўлік у Хойніцкім РАУС у адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 і яму было вынесена афіцыйнае папярэджанне аб абавязку з’явіцца для працаўладкавання ў аддзел працы, занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва па месцу жыхарства. Аднак у вызначаны тэрмін В.Р. Шутаў для працаўладкавання не з’явіўся, пастаяннай работы не меў да 3 мая 2009 года. За гэты час за ім узнікла запазычанасць на карысць аддзела адукацыі Хойніцкага райвыканкома ў грашовай суме 658503 рублі.
Не адстаюць у жаданні скінуць са сваіх плеч матэрыяльныя абавязкі па выхаванню дзяцей і бацькі-аліментшчыкі. Так, раней судзімы 34-гадовы жыхар вёскі Дубровіца У.У. Малянок рашэннем суда Чыгуначнага раёна г. Гомеля ад 26.06.1996 г. павінен выплачваць аліменты на карысць Т.Д. Малянок на ўтрыманне непаўналетняй дачкі Анастасіі, 1995 года нараджэння. Аднак з 18 жніўня 2005 года Малянок пастаяннага месца работы не мае, матэрыяльную дапамогу на ўтрыманне дачкі выплачвае нерэгулярна і за ім утварылася запазычанасць з улікам раней не выплачанай у грашовай суме 10014386 рублёў.
Сума запазычанасці па аліментах беспрацоўнага, неаднаразова судзімага раней жыхара вёскі Судкова М.В. Пінчука на выхаванне дачкі Таццяны (1993 г.н.) складае 4871380 рублёў. Немалую суму запазычыў па аліментах на ўтрыманне сваіх непаўналетніх сына і дачкі жыхар вёскі Храпкаў А.І. Анікеенка – 3863975 рублёў.
За тры мільёны, а, дакладней, 3461610 рублёў, перасягнула і запазычанасць па аліментах на выхаванне непаўналетняй дачкі Аксаны ў жыхара пасёлка Акцябр В.І. Камеша. Ухіляўся ад выплаты аліментаў на ўтрыманне сваіх непаўналетніх дачок жыхар райцэнтра В.У. Еўстрацьеў. Сума яго запазычанасці склала 1092270 рублёў.
Усе асобы, чые прозвішчы ўзгаданы ў гэтай публікацыі, прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. А ўсяго з пачатку 2009 года ў нашым раёне былі ўзбуджаны 23 крымінальныя справы па ўсіх частках артыкула 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які і прадугледжвае пакаранні (ад папраўчых работ да 2 гадоў пазбаўлення волі) за такія паводзіны бацькоў-зязюль. Можна толькі здзіўляцца таму, што гэтых людзей абсалютна не хвалюе жыццё і лёс уласных дзяцей. Да чэрствых душ не дастукаешся…
Л. КУПРЭЙЧЫК,
начальнік папярэдняга расследавання Хойніцкага РАУС,
падпалкоўнік міліцыі.