Поспехі юных цяжкаатлетаў

Спорт

На адбыўшыхся ў горадзе Мінску самых прэстыжных спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы бясспрэчным лідэрам стаў выхаванец Хойніцкай СДЮШАР, былы вучань гарадской сярэдняй школы №1, а зараз навучэнец Магілёўскага вучылішча алімпійскага рэзерву Віктар Саракалетаў. На чэмпіянаце краіны па гэтаму віду спорту ў вагавай катэгорыі да 56 кілаграмаў ён заняў першае месца. Тым больш пахвальна тое, што выступаў спартсмен пасля таго, як аднавіўся ад траўмы. Па праву можа ганарыцца поспехамі свайго выхаванца першы трэнер А.М. Бяляўскі.

А ў рэспубліканскай спартакіядзе прафсаюзаў па цяжкай атлетыцы высокія асабістыя вынікі паказалі былыя вучні другой гарадской сярэдняй школы, выхаванцы трэнера М.В. Глушакова. Таццяна Нікіценка ў вагавай катэгорыі да 48 кілаграмаў заняла першае месца, узяўшы ў рыўку 46, а ў штуршку – 59 кілаграмаў, тым самым выканаўшы спартыўны разрад кандыдата ў майстры спорту. Яе сястра, Вольга Нікіценка, у вагавай катэгорыі да 58 кілаграмаў таксама ўзнялася на першую прыступку п’едэстала гонару на гэтых спаборніцтвах. Другі вынік у Дзмітрыя Луцко ў вагавай катэгорыі да 56 кілаграмаў.

З мэтай адбору мацнейшых штангістаў на спартакіяду Гомельскай вобласці ДУ “СДЮШАР г. Хойнікі” праводзілася адкрытае першынство па цяжкай атлетыцы, удзел у якім прымалі юнакі 1995 года нараджэння і маладзей. Першыя месцы ў сваіх вагавых катэгорыях занялі вучні сярэдняй школы № 3 г. Хойнікі Ягор Натрапаў, Расціслаў Дрончанка, Іван Бажко, Павел Шышкін, Генадзій Дзекавец, Раман Касько, гімназіст Яўгеній Губанькоў, а таксама вучань першай гарадской сярэдняй школы Сяргей Равяка і Андрэй Бойка з СШ № 2.

Для вучняў з групы пачатковай падрыхтоўкі гэта былі першыя спаборніцтвы, якія для многіх аказаліся паспяховымі. Другія месцы ў сваіх вагавых катэгорыях занялі вучні СШ № 1 Дзяніс Шагавік і Уладзімір Астапенка, а таксама Улад Дубінскі з СШ № 3. Трэція – вучні СШ № 3 Ігар Патапенка, Уладзімір Падкалезін, Захар Сульжэнка і Дзмітрый Лук’янаў з Стралічаўскай СШ. У адным кроку ад п’едэстала засталіся навічкі Андрэй Грышаёнак і Барыс Барган.

Задаволены і іх трэнеры А.А. Шпарун, М.В. Глушакоў, А.М. Бяляўскі, А.А. Навіцкі, якія працуючы ў СДЮШАР, падрыхтавалі не адну змену выдатных спартсменаў па цяжкай атлетыцы.

Хачу звярнуцца да бацькоў: калі вы хочаце, каб вашы дзеці раслі дужымі і здаровымі, прыводзьце іх у нашу спецыялізаваную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерву, якая размешчана побач з СШ № 3 г. Хойнікі, па вуліцы Першамайскай.


Н. БОРДАК, намеснік дырэктара СДЮШАР.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *