Як паведамілі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкома сёлета ў сельгаспрадпрыемствы нашага раёна прыбыў 31 малады спецыяліст. 28 з іх засталіся ў раёне, працуюць на розных пасадах. Першыя крокі самастойнай дзейнасці, першыя поспехі і няўдачы. Адна справа тэорыя, іншая – атрыманыя веды прымяняць на практыцы, дзе ўсё не можа быць у ідэале. Што аб гэтым думаюць самі маладыя спецыялісты?
Юлія Аляксандраўна Грамовіч, КСУП “Агракамбінат “Віць”:
– Калі вельмі захацець і пастарацца, то мары абавязкова збываюцца. Гэта маё перакананне. Усё, што задумала, стала рэальнасцю. Паступіла пасля заканчэння СШ № 1 г. Хойнікі ў Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. Вучоба прыносіла задавальненне, а на практыцы, якую праходзіла ў раённай пракуратуры, вельмі многаму навучылася ў яе работнікаў.
З 7 жніўня 2008 года я юрысконсульт агракамбіната “Віць”. Прыватызацыя жылля, дагаворная работа, ліцэнзіі на права ажыццяўлення рознічнага гандлю – гэта далёка не поўны пералік пытанняў, якімі займалася. Пакуль не даводзілася разбіраць працоўныя спрэчкі.
Дарэчы, сёлета ў агракамбінат прыбыло шэсць маладых спецыялістаў. Так што кадры ў нашай гаспадарцы маладзеюць.
Дзяніс Барысавіч Нядзелька, ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”:
– Я ўраджэнец горада Петрыкава. Пасля заканчэння Гомельскага тэхналагічнага універсітэта імя Сухога па размеркаванню трапіў у Хойніцкі раён. Зараз выконваю абавязкі начальніка мехпарка. Не буду гаварыць аб усіх юнаках і дзяўчатах, якія пачалі свой працоўны шлях сёлета, а па мне – не так ужо і многа патрэбна маладому спецыялісту. Гэта жыллё (зараз я здымаю кватэру, праз год адміністрацыя абяцае вырашыць жыллёвае пытанне) і своечасовая выплата зарплаты. Усё астатняе не так ужо і важна.
У працоўным калектыве прынялі так, быццам быў тут і вярнуўся, асабліва механізатары. Пераважная большасць іх людзі прыстойныя, разумеючыя пачуццё локця і неабходнасці не лічыцца з часам, калі таго патрабуюць вытворчыя справы.
Марына Мікалаеўна Аніскавец, ААТ “Хойніцкі аграсервіс”:
– Хацела трапіць пасля заканчэння Палескага аграрнага каледжа ў родную вёску Глінішча, аднак вакансій па маёй спецыяльнасці не аказалася. Вельмі добра прынялі ў “Хойніцкім Аграсервісе”. Дырэктар М.П. Прышчэп прапанаваў пасаду агранома-аграхіміка.
Веды ёсць, не хапае вопыту, але гэта справа нажыўная. Многаму навучылася, калі праходзіла вытворчую практыку ў агракамбінаце “Віць” у Святланы Леанідаўны Толмач, а зараз сваім вопытам са мной дзеліцца галоўны аграном Аляксандр Мікалаевіч Шарманаў.
Здаецца, усё задуманае атрымалася і атрымліваецца. Да таго ж я ўжо сямейны чалавек. Муж Аляксандр, які родам з в. Казялужжа, працуе ў ветлячэбніцы.
Максім Вітальевіч Тарасенка, эксбаза “Стралічава”:
– Пасада, якую атрымаў пасля заканчэння Жыліцкага сельскагаспадарчага каледжа, у эксбазе “Стралічава” даволі рэдкая. Працую апаратчыкам па перагонцы і рэктыфікацыі спірту. Набытая спецыяльнасць тэхніка-тэхнолага дапамагла хутка асвоіцца з абавязкамі, якія стараюся выконваць добрасумленна.
З жыллём ніякіх праблем няма, бо ў Хойніках мае бацькі. А вось правядзеннем вольнага часу не задаволены. Люблю займацца спортам, у прыватнасці баскетболам, але для рэгулярных трэніровак умоў няма ні ў гаспадарцы, ні ў горадзе. Хочацца спадзявацца, што ў будучым у нашым горадзе будзе пабудаваны добры спорткомплекс, на належным узроўні ва ўстановах культуры будуць праводзіцца дыскатэкі. Тым больш, што ў наступным годзе наш горад выбраны месцам правядзення дзён беларускай пісьменнасці, а ў 2012 адзначаецца юбілей Хойнік.
Планы на будучае? Паступаю ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Лічу, што ў наш час, ды і не толькі, трэба мець грунтоўныя веды.
Кацярына Яўгеньеўна Мальчанка, ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”:
– Нават да безнадзейнай, здаецца, справы патрэбна падыходзіць з аптымізмам. Тады не толькі сабе, але і людзям, якія побач, будзе добра. Калі атрымала размеркаванне ў Хойніцкі раён пасля заканчэння Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, нават не ведала, дзе гэта, але ж была ўпэўнена, што людзі там не горшыя, чым на маёй Магілёўшчыне. І не памылілася. Працую бухгалтарам. А побач – вопытныя спецыялісты Кацярына Міхайлаўна Карась, Валянціна Уладзіміраўна Мартыненка, Святлана Мікалаеўна Чэкан, Наталля Мікалаеўна Слабая. Падкажуць, растлумачаць, дапамогуць.
Вялікія планы на будучае не вызначаю. Кожны новы дзень – гэта ўжо шчасце, радасць. І ўсё жыццё ўперадзе.
Запісаў Уладзімір СЯМЕНАЎ.