Нараджэнне дзіцяці – гэта вельмі значная падзея ў жыцці кожнай сям’і. Большае значэнне яна набывае, калі рэгістрацыя нараджэння адбываецца ва ўрачыстай абстаноўцы. Як гэта было ў нашым горадзе ў час святкавання Дня маці.
На сцэну актавай залы дзіцячай школы мастацтваў, дзе праходзіла свята, была запрошана сям’я Сяргея Іванавіча і Марыны Валянцінаўны Рудзянок, у якой 21 верасня 2009 года нарадзіўся другі сын Дзяніс.
Начальнік аддзела запісу актаў грамадзянскага стану райвыканкома Алена Міхайлаўна Дземідзенка правяла ўрачыстую рэгістрацыю нараджэння немаўляткі. Трэба было бачыць, з якой увагай сачылі за гэтым дзействам у зале, якімі шчаслівымі былі бацькі нованароджанага і іх старэйшы сын Ігар. Сваю радасць яны пажадалі раздзяліць з многімі хайнічанамі.
А.М. Дземідзенка зазначае, што правядзенне ўрачыстай рэгістрацыі нараджэння дзіцяці не патрабуе ад бацькоў ніякіх матэрыяльных затрат. Нездарма ж у народзе кажуць, што радасць, раздзеленая з іншымі людзьмі, павялічваецца ў сотні разоў.