Напэўна, кожнага прыстойнага чалавека кране пачуццё сардэчнага болю, калі ўбачыць у нецвярозым стане жанчыну. Як жа так здарылася, што страціла яна ўласную годнасць – уладу трымаць сябе ў руках. Хто вінаваты? Можа, у дзяцінстве і юнацтве ў сям’і і школе мала гаварылі ёй аб шкодзе алкаголю, які разбурае асобу, штурхае ў бездань? Ад разбэшчанасці? Кажуць, што п’юць ад безвыходнасці. А тая маці, што, атрымаўшы дзіцячую дапамогу, пакінула малых без нагляду галоднымі і пайшла прапіваць грошы? Якая ж тут безвыходнасць? Гэта ўжо злачынства, па вызначэнню вялікага знаўцы чалавечай душы Ф.М. Дастаеўскага. Толькі злачынства без пакарання. Герой Фёдара Міхайлавіча Мармеладаў піў і пакутваў: “Для того и пью, что в питии сем страдания и чувства ищу”.
Пакутваў і прасіў не шкадаваць яго, а распяць на крыжы, таму, што разумеў: лішняя чарка не выратаванне і не выйсце са становішча. А зараз п’юць жанчыны, а пакутваць прымушаюць іншых – родных, блізкіх, знаёмых і незнаёмых людзей. І да таго засмоктвае алкагольная атрута, што дзеля яе гатовыя ісці на злачынства. Як жыхаркі горада (вул. Настольская, дамы №№ 23 і 30) Галіна Сямёнаўна Рак і Надзежда Віктараўна Ахрамовіч.
Першай пераваліла ужо за сорак год ад нараджэння, другой – за пяцьдзесят. Любімы занятак – прымаць у нутро ўсё, што гарыць. А яно (нутро) пастаянна патрабуе таго паліва. У пятніцу, 7 жніўня, ледзьве дачакалася Галіна Рак заканчэння рабочага дня (як абавязаная, працавала яна кухоннай рабочай) і адразу да сяброўкі Надзежды Ахрамовіч, якая нідзе не працуе і на пад’ём хуткая, калі запахне спіртным.
– Да Галі Міручэнка пойдзем. Яна, мусіць, ужо набыла бутэльку сівухі, – прапанавала Ахрамовіч. І не памылілася.
Пакуль пілі, размова яшчэ неяк клеілася. А што гаварыць, калі чаркі пустыя і нейкая закуска засталася?
– Пойдзем і знойдзем! – вырашылі сяброўкі. І нават думкі ў захмялелых галовах сышліся: трэба браць на зляк Машэрыху (так часта называюць у Настоллі Марыю Паўлаўну Новік). У яе доме абодва хворыя, пенсію не прапіваюць.
Марыя Паўлаўна прыдрамнула ў першым пакоі. 85-гадовая жанчына пад старасць стала наогул невідушчая ды і са слыхам у яе праблемы. Не пачула, як зайшлі Галя і Надзя ў дом, а тыя з залітымі сівухай вачыма не заўважылі яе і накіраваліся ў дальні пакой. Сужыцель Марыі Паўлаўны, інвалід першай групы Васілій Міхайлавіч Грабеншчыкоў, з ложка не ўстае.
– Дзе твая палавіна? – запыталася Ахрамовіч.
– Спіць, напэўна… А навошта яна табе?
– Грошы патрэбныя. І не твая гэта справа. Ляжы сабе ды выздараўлівай, – нахабна кінула Надзя.
Будзіць не сталі. Сталі адразу абмацваць на грудзях, ад чаго перапалоханая старая жанчына ўскочыла.
Зразумеўшы, чаго ад яе хочуць, сказала, што ніякіх грошай не мае, і наогул ёй патрэбна выйсці на вуліцу. Навобмацкі стала прабірацца да выхаду, закрычала. У суседнім пакоі стукаў палкай па падлозе Васілій Міхайлавіч.
– Не хочаш, старая, па-добраму, то сілай возьмем!.. – раззлаваліся разбойніцы. Адна з іх ухапілася за шыю пенсіянеркі. Ад страху Марыя Паўлаўна страціла прытомнасць. І тады ўжо як належыць абшукалі. Знайшлі-такі грошы, пакінуўшы непрытомную жанчыну ляжаць на падлозе.
У хуткім часе на стале рабаўніц красавалася бутэлька са смярдзючым напіткам. Толькі паспелі выцадзіць самагонку ды расказаць сабутэльніку, як душылі Новік, і давялося даваць паказанні міліцыянерам. Здзейсненага не ўтойвалі, сазналіся, што разбойным шляхам завалодалі 150-тысячамі рублёў.
Суд Хойніцкага раёна 3 лістапада 2009 года з улікам грамадскай небяспекі здзейсненага злачынства і асоб абвінавачваемых палічыў, што мэты крымінальнай адказнасці могуць быць дасягнуты шляхам назначэння пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі. Згодна з ч. 2. арт. 207 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь Г.С. Рак і Н.В. Ахрамовіч прызнаны вінаватымі ў прымяненні насілля, небяспечнага для жыцця або здароўя пацярпеўшага з мэтай непасрэднага завалодання маёмасцю з пранікненнем у жыллё групай асоб і прыгаварыў іх да пазбаўлення волі на 6 год кожную з адбыццём пакарання ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
У адпаведнасці з ч.1 арт.107 у адносінах настольскіх разбойніц будзе прыменена таксама прымусовае супрацьалкагольнае лячэнне, якое ім не супрацьпаказана.
С. ГАРДЗЕЙЧЫК,
старшы ўчастковы інспектар РАУС, маёр міліцыі.