Жыхар нашага горада Мікалай Мікітавіч Цыганкоў не першы раз робіць хайнічанам і гасцям горада шыкоўны падарунак, выкананы сваімі рукамі. Гэта вышытыя карціны вялікага памеру. Цяпер іх на сценах у раённым краязнаўчым музеі аж сем! Да 70-годдзя Вялікай Перамогі аўтар-вышывальшчык падрыхтаваў карціну «Птушкаловы» .
Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Мікалай Мікітавіч не ўтаймоўвае сваю жыццёвую энергію, а, наадварот, праяўляе ў любімым занятку – вышыванні. Першыя работы, датаваныя 60-мі гадамі мінулага стагоддзя, і зараз упрыгожваюць сцены яго кватэры па вул. Лермантава. Астатнія майстар ніткі і іголкі ад шчырага сэрца перадае не толькі сваім родным людзям, але і былой школе ў в. Віць і, у большасці, раённаму краязнаўчаму музею. Такім чынам, і памяць пра яго застанецца на дзесяцігоддзі, і больш людзей дакрануцца да свету цудоўнага.
Натхненне да Мікалая Мікітавіча прыходзіць апантана. Ідэя можа нарадзіцца ад выпадковай прыгожай карцінкі. Далей мужчына пераводзіць яе ў больш вялікі фармат, падбірае па колеру ніткі і пачынае працаваць іголкай. Праз пару месяцаў гэтая карціна набывае завершаны від на цвёрдай аснове і ў шырокай рамцы. Дні і ночы творчай працы павялічваюць рэальны кошт карцін у некалькі разоў. Але М.М. Цыганкоў бясплатна аддае іх на радасць іншым.
Дарэчы, напя-рэдадні Між-народнага жаночага свята 8 Сакавіка Мікалай Мікітавіч перадаў у падарунак музею карціну-вышыванку пад назвай «Дарога ў лесе».
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.