Канчатковыя вынікі работы прамысловых прадпрыемстваў раёна за гэты год будуць падведзены ў першыя дні года надышоўшага. Сёння ж мы можам аперыраваць данымі 11 месяцаў, якія, тым не менш, даюць падставы вызначыць асноўныя тэндэнцыі развіцця.
За студзень-лістапад 2009 года прамысловымі прадпрыемствамі раёна выпушчана прамысловай прадукцыі на суму 57,5 мільярда рублёў. У мінулым годзе гэтая лічба складала 51,3 млрд. руб. Прырост, як бачым, відавочны. Тэмпы росту аб’ёмаў выпуску прамысловай прадукцыі ў сярэднім па раёну склалі 112,1%, яшчэ вышэйшы гэты паказчык на ПУП “Палескія сыры” – 116,6 %, у раённым спажывецкім таварыстве – 110,5%.
Ударна папрацавалі прамыслоўцы раёна ў лістападзе. Тэмпы росту ў параўнанні з лістападам 2008 года па раёну склалі 117,6%. На Хойніцкім заводзе гідраапаратуры гэты паказчык роўны 118,4%, ПУП “Палескія сыры” – 117,9%, заводзе ЖБВ – 117,3%.
Што датычыць вытворчасці тавараў народнага спажывання, то за 11 месяцаў у раёне іх выпушчана на 29,4 мільярда рублёў (за 11 месяцаў 2008 г. – 25,9). Тут найлепшыя паказчыкі па тэмпах росту маюць завод гідраапаратуры (125,7%), ПУП “Палескія сыры” (114,2%). Апошняе прадпрыемства, дарэчы, на працягу ўсяго года вяло актыўную кірмашовую і выставачную дзейнасць на тэрыторыі нашай краіны і суседняй Расіі.
На прадпрыемствах прамысловасці далейшае развіццё атрымаў працэс удасканальвання матэрыяльна-тэхнічнай базы вытворчасці. Новы высокаэфектыўны металаапрацоўчы станок набыты заводам гідраапаратуры, поўнасцю рэканструяваны кампрэсарны цэх на ПУП “Палескія сыры”, многае зроблена па мадэрнізацыі вытворчасці ў рамках Дзяржаўнай праграмы развіцця малых і сярэдніх гарадоў на філіяле па дрэваапрацоўцы “Палескі” РУП “Белінвесткамплект”.
Эфектыўна спрацавалі прамысловыя прадпрыемствы раёна і ў плане энергазберажэння. Пры прагнозным паказчыку мінус 13,5% у сярэднім па раёну дасягнута лічба мінус 26,8 працэнта.
Есць пэўныя дасягненні і ў адным з галоўных паказчыкаў дзейнасці – укладанні інвестыцый у асноўны капітал. Па прадпрыемствах, якія падпарадкоўваюцца раённаму Савету дэпутатаў, іншым выканаўчым і распарадчым органам, яны склалі 56,5 мільярда рублёў (тэмп росту – 171,7%). У гэтую суму ўвайшло будаўніцтва дома для кааператыва індывідуальных забудоўшчыкаў, двух дамоў для мнагадзетных сем’яў па вуліцах Савецкай і Калініна райцэнтра, рэканструкцыя ГЦКіС “Меліяратар”, малочнатаварных ферм у Тунеўшчыне і Храпкаве, набыццё сельскагаспадарчай тэхнікі для ўсіх сельгаспрадпрыемстваў раёна, а таксама абсталявання для рамонтнага завода, мантаж новай збожжасушылкі на камбікормавым заводзе, рэканструкцыя кампрэсарнага цэха і набыццё аўтамабіля МАЗ “Палескімі сырамі”, газіфікацыя жылых дамоў у райцэнтры і вёсках раёна.
Па прадпрыемствах без ведамаснай падпарадкаванасці праграма інвестыцый у асноўны капітал перавыканана ў 2,1 раза. Адным з самых маштабных мерапрыемстваў тут стала рэканструкцыя будынка раённых аддзяленняў ААБ “Беларусбанк” і “Белаграпрамбанка”.
Адным словам, вынікі работы прадпрыемстваў прамысловасці раёна ў 2009 годзе даюць нам падставы з аптымізмам глядзець у будучае.
Хацелася б павіншаваць усе працоўныя калектывы з надыходзячым Новым годам і пажадаць працаўнікам раёна здароўя, шчасця і дабрабыту, новых поспехаў у вытворчай дзейнасці на карысць нашай роднай Беларусі.
Л. Лагвіненка,
начальнік аддзела эканомікі райвыканкома.