У № 1 “Хойніцкіх навін” за 6 студзеня 2010 года былі апублікаваны матэрыялы, у якіх расказвалася аб ветэранах вайны і працы Мікалаю Сцяпанавічу Камешу і Любові Пятроўне Лобан. Упэўнены, што кожнаму чалавеку прыемна пачуць добрыя словы ў свой адрас, а тым больш калі яны сказаны пры такой вялікай аўдыторыі, якую мае раённая газета.
Цёплыя віншаванні з нагоды 85-гадовага юбілею былі адрасаваны Мікалаю Сцяпанавічу і Любові Пятроўне і ад працоўных калектываў, адкуль яны пайшлі на заслужаны адпачынак. Пажаданні добрага здароўя і дабрабыту даслаў Мікалаю Сцяпанавічу генеральны дырэктар ЗАТ “Мазырлес” А.У. Макушынскі і каштоўны падарунак у 200 тысяч рублёў. Любоў Пятроўну павіншаваў і таксама ўручыў каштоўны падарунак начальнік аддзела культуры райвыканкома В.І. Баранаў.
Ці ж гэта не прыклад, які дастойны пераймання? У кожным працоўным калектыве павінны быць такія адносіны да тых, хто, не шкадуючы жыцця, набліжаў Вялікую Перамогу, падарыўшы нам сённяшні шчаслівы дзень, хто аднаўляў разбураную вайной гаспадарку і сёння ўносіць дастойны ўклад у справу патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.
М. СКРЫПЧАНКА,
старшыня раённай ветэранскай арганізацыі.