Маладосць – цудоўны перыяд, калі здзяйсняюцца запаветныя мары і жаданні. Энергія маладых, накіраваная ў стваральнае рэчышча, здольная не толькі здзівіць, але і прынесці карысць грамадству. Дапамагчы самарэалізавацца, выхаваць лідэраў пакалення “next” – такая задача стаіць сёння перад актывам БРСМ, аддзелам па справах моладзі райвыканкома. Вынікі года падвяла і разам з тым падзялілася планамі на будучае ў размове з карэспандэнтам “ХН” начальнік аддзела І.С. ПАНЧАНКА.
– Іна Станіславаўна, на чым грунтуецца работа аддзела, які ўзначальваеце?
– На дзяржаўным узроўні моладзі надаецца галоўнейшая ўвага. Сведчаннем таму з’яўляецца прыняцце Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі”, які накіраваны на вызначэнне прававых і арганізацыйных асноў фарміравання і рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь. У нашым раёне дзейнічае праграма “Моладзь Хойнікшчыны” на 2007-2010 гады.
Асноўныя прыярытэтныя напрамкі дзейнасці аддзела па справах моладзі і РК ГА “БРСМ” – духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне, фарміраванне здаровага ладу жыцця дзяцей і моладзі, падтрымка таленавітай моладзі, маладых сем’яў, маладых спецыялістаў, прыбыўшых на працу ў наш раён, фарміраванне маральна-прававой культуры, папярэджванне правапарушэнняў у маладзёжным асяроддзі.
– Якім чынам дасягаюцца пастаўленыя мэты?
– Перш, чым адказаць на гэтае пытанне, хачу падкрэсліць, што на тэрыторыі раёна пражываюць 4587 маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года, што складае 20,6 працэнта ад агульнай колькасці насельніцтва. З іх у горадзе 2849, у сельскай мясцовасці – 1738. Працуючай моладзі 3487 чалавек, маладых сем’яў налічваецца 934.
На 27 прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях назначаны адказныя па рабоце з моладдзю. Створаны 53 пярвічныя арганізацыі БРСМ з агульным ахопам 1165 чалавек, што складае 24,7% ад агульнай колькасці моладзі.
Што датычыць грамадскай пазіцыі моладзі, то яе фарміруем праз правядзенне розных масавых мерапрыемстваў. Раскажу аб некаторых, што праходзілі летась з удзелам моладзі. У маладзёжным асяроддзі быў распаўсюджаны тэматычны матэрыял, накіраваны на прафілактыку тытунекурэння, алкагалізму, наркаманіі. Праведзены раённыя спаборніцтвы па настольнаму тэнісу сярод вучнёўскай і працуючай моладзі, турнір па міні-футболу сярод навучэнцаў, якія састаяць на ўліку ў інспекцыі і камісіі па справах непаўналетніх і камандай райаддзела ўнутраных спраў.
Традыцыяй становяцца летнія і асеннія турыстычныя злёты для вучнёўскай і працуючай моладзі і велапрабегі па гістарычных і культурных месцах раёна з наступным іх добраўпарадкаваннем.
– Пэўны рэзананс выклікаў раённы конкурс маладых сем’яў.
– У ім прынялі ўдзел чатыры маладыя сям’і, пераможцам стала сям’я Цішкевіч, якая ў занальным адборачным туры ў г. Калінкавічы заняла першае месца, а ў фінале абласнога конкурсу “Лепшая маладая сям’я Гомельшчыны” – другое месца. Ганарымся гэтай сям’ёй па праву.
– Іна Станіславаўна, штогод Хойнікшчына папаўняецца маладымі спецыялістамі, якія прыбываюць на працу з розных куткоў Беларусі.
– Бясспрэчным лідэрам па новай працоўнай змене з’яўляецца аддзел адукацыі райвыканкома, куды летась прыбылі 44 маладыя спецыялісты, 30 уноўпрыбыўшых працуюць у сельскай гаспадарцы раёна. Як правіла, праходзяць сустрэчы кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, для іх арганізоўваюцца экскурсіі і вечары адпачынку.
Паступова ў практыку ўваходзіць правядзенне конкурсаў прафесійнага майстэрства сярод працуючай моладзі. У кастрычніку летась конкурс “Лепшы малады араты-2009” выклікаў вялікі інтарэс. Сёлета ў лютым паміж сабой у майстэрстве паспаборнічаюць цырульнікі.
Добраўпарадкаванне тэрыторыі горада і раёна, прывядзенне ў належны стан помнікаў і воінскіх пахаванняў, праца ў студэнцкіх атрадах, удзел у шматлікіх рэспубліканскіх акцыях рознай накіраванасці – гэта і многае іншае, што адбываецца ў соцыуме, становіцца месцам прыкладання моладзі.
– У планах на бягучы год якія мерапрыемствы прадугледжваюцца для моладзі і аб моладзі?
Планы распрацоўваліся такім чынам, каб у кожным месяцы побач з традыцыйнымі праводзіліся і новыя мерапрыемствы. Сёлета гэта будуць конкурсы: “Супермама”, на лепшае сялянскае падвор’е маладых сем’яў, лепшы па прафесіі сярод медыцынскіх сясцёр, мастацкай самадзейнасці, КВЗ і г.д.
– 2010-ты – Год якасці. Як адаб’ецца гэта на рабоце маладзёжных арганізацый?
– Настроены на пазітыў і энергічную дзейнасць. Прымем удзел у буйнейшых палітычных кампаніях. Гэта 65-годдзе Вялікай Перамогі, выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, 90-годдзе беларускага камсамола, пераемнікам якога з’яўляецца БРСМ. У Дзень беларускага пісьменства, 5 верасня, будзе працаваць маладзёжная пляцоўка.
Натхненне і свежыя ідэі дапамогуць ператварыць намечанае ў жыццё. Чакаем маладых, ініцыятыўных і прадпрымальных у аддзеле па справах моладзі па адрасу: г. Хойнікі, вул. Савецкая, 86, каб. № 306. Або званіце па тэлефоне 2-30-97. Разам нам яшчэ многае прадстаіць зрабіць.
Гутарыла Клаўдзія БОСАК.