Вось так заўсёды: адказна рыхтуешся да вялікай падзеі, а яна так хутка праносіцца, толькі ўспаміны застаюцца. Затое – якія!
У сёмы раз на гасціннай палескай зямлі ў Ляскавічах Петрыкаўскага раёна адгучаў міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся». Былі там і хайнічане.
Кожны раён Гомельскай і Брэсцкай вобласцяў па-свойму прэзентаваў родныя мясціны. На долю непасрэдна нашых творчых і крэатыўных землякоў выпала заклікаць гасцей у бакалейную лаўку «Суп з сямі круп».
Але ж, вядома, які хайнічанін толькі супам людзей частуе! Сталы ламіліся ад ласункаў: усё прыгатавана з душой, а як духмяна было каля хойніцкага падворка!
Вядома, міма хойніцкіх сталоў ніхто не прайшоў. Супыніліся і пачэсныя госці свята – у тым ліку намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Пятрышэнка, а таксама старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
Ды і гандаль які развярнулі хайнічане! Тут вам і дэкаратыўныя лялькі, вырабы з саломкі, магніцікі на памяць, а яшчэ разнастайныя дэсерты, нават тыя самыя знаёмыя з дзяцінства карамельныя пеўнікі. Успомніць прыемна.
Дарэчы, старанні ветлівых і руплівых хойніцкіх майстроў і артыстаў былі высока адзначаны кіраўніцтвам фестываля. За актыўны ўдзел у свяце этнакультурных традыцый раён узнагароджаны Дыпломам. Гэту ўзнагароду прыняў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Кушнер.
Безумоўна, гэта заслуга многіх хойніцкіх арганізацый, якія ўключыліся ў падрыхтоўку да фестываля, і саміх прадстаўнікоў нашай дэлегацыі – работнікі культуры так душэўна і з запалам заклікалі турыстаў пачаставацца мясцовымі «сласцёнікамі» і падтрымлівалі цудоўную атмасферу свята. Словам, усе разам стварылі незабыўную прэзентацыю Хойнікшчыны.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота Алены СМУСЯНОК.