Усё пачалося з «Мядзведзя»: што зараз «даюць» на хойніцкіх падмостках

Культура

Упершыню апынулася на генеральнай рэпетыцыі мясцовага народнага тэатра. Акцёры ў сцэнічных касцюмах, усе засяроджаны на працэсе.

Рэжысёр спектакля і мастацкі кіраўнік народнага тэатра Марына Імшанецкая не проста дазволіла папрысутнічаць на перадпрым’ерным паказе, але і расказала аб галоўных вехах тэатра.

Дакранемся ж да гісторыі хойніцкай тэатральнай трупы. Яна была створана як драматычны кружок у 1958 годзе пры раённым Доме культуры. Першым кіраўніком самадзейнага тэатра быў Іван Будзько. Менавіта ён паставіў самы першы спектакль – «Мядзведзь» па п’есе Антона Чэхава.

З 1980 года калектыў узначаліў выпускнік Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута Аляксей Сярмяжка. Гэта быў сапраўдны росквіт творчага жыцця на Хойнікшчыне.

Пасля выхаду Аляксея Васільевіча на заслужаны адпачынак кіраваць тэатрам пачала Людзміла Кузняцова, якая была на працягу 15 год галоўнай артысткай тэатра. Яна змагла захаваць творчасць тэатральнага калектыву, які з павагай і пашанай крочыў на сцэнах розных устаноў і раёнаў. У час яе працы выходзіў спектакль «Выходили бабки замуж» па п’есе Ф. Булякова.

Потым тэатральную справу прадоўжыла малады таленавіты рэжысёр Паліна Ходас. Дзякуючы ёй у свет выйшла пастаноўка «Пакой нявесты» В. Краснагорава.

У 2019 годзе на пасаду рэжысёра прыйшла Марына Імшанецкая. Выпускніца Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, яна з 2003 па 2010 гады была таксама артысткай гэтага тэатру. Таленавітая маладая дзяўчына, спявачка і вядучая шматлікіх мерапрыемстваў, Марына захоўвае пачынанні папярэдніх таленавітых калег і беражэ тую справу, якая засталася ёй ад галоўнага настаўніка – Аляксея Васільевіча Сярмяжкі.

Актыўны ўдзел тэатр прымае ў мясцовых і абласных святах.

Змяніліся чатыры пакаленні кіраўнікоў і калектыва, але не знікла любоў і павага да роднага краю і пашана гледачоў.

Вось і цяпер артысты рыхтуюцца да галоўнай падзеі сёлетняй вясны – першага спектакля. Цікава было паназіраць за імі: імгненная імправізацыя, выпрабаваныя «фішкі», агульнае захапленне ідэяй.

Крыху падкажу: рэжысёр Марына Імшанецкая пайшла не па простаму шляху – выбрала п’есу і стала ставіць. Наадварот, зямлячка сабрала некалькі аповедаў не вельмі простага літаратара, наватара свайго часу Данііла Хармса. З некалькіх яго твораў яна і змайстравала такі канструктар, назва якому «Камунальная кватэра». Розныя, але такія знаёмыя характары, атмасфера агульнага асяроддзя, дзе сябруюць, сварацца, жэняцца і мараць пра лепшае і аб’ядноўваюцца вакол адной ідэі. Усё гэта змогуць пабачыць хайнічане на сцэне раённага Дома культуры. З прэм’ерай!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *