Тутэйшыя: у Небытаве прымаюць душэўна – тут смачная маліна і спакой

Тутэйшыя

Колькі падарожнічаем па вёсках Хойнікшчыны, заўважаем, што ў любым населеным пункце нашага раёна ёсць свой вядомы ўраджэнец.

У Клівах – мастак Уладзімір Гардзеенка, у Стралічаве – дыпламат і мовазнаўца Іосіф Гашкевіч. А ў Небытаве, куды накіраваліся на гэтым тыдні, – паэтэса Ала Канапелька.

Мясцовыя жыхары апошняй вёскі – людзі ветлівыя, працавітыя і сапраўды любяць сваю малую радзіму. Імкнуцца тут жыць і падтрымліваць хараство.

Віктар Саракалетаў

Першым, каго пабачыла ў Небытаве, стаў хайнічанін Віктар Саракалетаў – праслаўлены трэнер па цяжкай атлетыцы, мужчына ў свой водпуск у вёсцы зусім па іншых справах. Калісьці тут ён набыў дом для свайго бацькі, а пазней вырашыў паспрабаваць на гэтых землях вырошчваць маліну. І атрымалася!

Шэсць гадоў прайшло, як пасадзіў першы малінавы куст – сёння цэлы малінавы гектар пад сонейкам спее. Бацька Віктара Уладзімір Аляксандравіч даглядае коз, ёсць і пара свінак. На жаль, яго мы не заспелі дома – пайшоў на «ціхае паляванне».

Акрамя таго, каля бацькоўскай хаты кветкавае багацце – мой суразмоўца жартуе, што яго жонку Наталлю на гарадскім рынку ведаюць і рады бачыць усе, хто прадае кветкавую расаду. Пазней набыткі пераўтвараюцца на небытаўскай зямлі ў шыкоўныя расліны самых розных адценняў, якія ўпрыгожваюць домаўладанне.

Пётр Яфіменка

Пашчасціла пазнаёміцца з паважаным жыхаром вёскі – Пятром Яфіменкам. Пётр Васільевіч у свае 86 гадоў усё такі ж актыўны і жыццярадасны. Ён 36 гадоў прысвяціў працы на торфабрыкетным заводзе, а разам з любімай жонкай Яўгеніяй Іосіфаўнай жывуць 62 гады, выхавалі тут траіх дзетак. Сам родам з Амелькаўшчыны, Пятро, як называла яго матуля, у час Вялікай Айчыннай вайны ратаваўся з роднымі адтуль – беглі ад паліцаяў, якія «былі горш за фашыстаў» (словы самога Пятра Васільевіча). У Небытаве так вайну і перажылі. Нават цяжка перадаць той смутак, з якім мой новы знаёмы расказваў пра той жорсткі перыяд. Ды і далей лягчэй не стала. Мусіць, перажыць цяжкія ўспаміны і змагці пабудаваць сваё жыццё як мага лепей дапамагала маладосць, каханне, свае дзеткі.

Пасядзелі з Васільевічам на прызбе яго радавога гнязда – дом па вуліцы Школьная калісьці збудаваў яго дзед. На зямлі продкаў жыве трэцяе пакаленне, прыязджаюць да бацькоў дзеці і ўнукі.

Але ж чаму так ціха ў вёсцы? Спакой тут можна есці лыжкай!

Ганна Лушч

Дакладна ведаю, что жыццё бурліць на мясцовым ФАПе. Збудаванне быццам патанае ў кветках – справа рук загадчыцы ўстановы Ганны Лушч. Яе пабачыла на рабочым месцы – Ганна Станіславаўна выпісвала рэцэпты. У медыка тут больш за 100 пацыентаў – у гэты лік уваходзяць і жыхары в. Куравое. Сама жыве ў Вялікім Боры.

Наталля Прыходзька

Дарэчы, за тымі самымі рэцэптамі прыехала сацыяльны работнік Наталля Прыходзька – традыцыйна для вясковых жыхароў ездзіць жанчына на веласіпедзе. Наталля Мікалаеўна даглядае 7 падапечных – дапамагае жыхаркам Небытава ва ўсім, што папросяць. Хаця часцей за ўсё просяць проста пагутарыць – пакуль Наталля наводзіць парадак ці гатуе для доўгажыхароў, яны ёй расказваюць пра сваю мінуўшчыну. Ды і ў мілай Наталлі ёсць прыемныя навіны – нядаўна старэйшую дачку Вікторыю замуж аддала. Малодшая Ганна ўжо працуе бухгалтарам на Гомельшчыне, а сынок Віталій у арміі служыць – дэсантнік!

Эх, як не хочацца ад такіх новых сяброў ехаць, хутка прыкіпела да іх душой. Няхай у іх усё добра будзе! І ў нас з вамі, землякі.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *