Бацькоўскі куточак: усё, што радуе погляд – памяць, сабраная ў дэталях

Наши проекты

У Тыдзень бацькоўскай любві прапануем вам, паважаныя чытачы, ахінуцца ў родную і такую знаёмую атмасферу нашага агульнага мінулага.

Журналісты раённай газеты не адзін месяц падарожнічалі па нашым раёне і літаральна па часцінках збіралі сімвалы вясковага хатняга каларыту.

За гэта асобны дзякуй нашым землякам з вёсак Мархлеўск, Паселічы, Дворышча, Куравое і аграгарадка Вялікі Бор. Менавіта яны збераглі ў сваіх домаўладаннях так добра знаёмыя кожнаму беларусу посуд, мэблю, дываны з характэрным малюнкам.

Нашы пошукі «бацькоўскіх куточкаў» на гэтым не спыняюцца. Мы і надалей будзем адкрываць для вас новыя адрасы такіх унікальных інтэр’ераў.

Мы з вамі добра памятаем цеплыню той печы, дзе грэліся ўвечары пасля вулічнай гульні, а побач сушыліся белыя гарбузовыя семачкі. Уначы бабуля пераганяла (так-так, менавіта, як кацянятак) адтуль на высокі ложак каля дывана з малюнкам тыграў. У цемры гэты малюнак гіпнатызаваў, каб паснуць, дапамагала вадзіць пальчыкам па ласкавай паверхні тканіны.

На святы з серванта (ці буфета) даставалі самыя лепшыя кубачкі і фужэры, у зале ўключалі яскравае святло, збіралася ўся вуліца.

Колькі такіх момантаў захоўвае наша памяць. Няхай там як мага дольш застаецца і любоў да бацькоў, сагрэтая светлымі ўспамінамі.

Калі ласка, землякі, падарыце сваім родным хаця праменьчык любві: хвілінкай увагі, кароткай размовай, падарункам на памяць. Але рабіце гэта так часта, як толькі можаце. І самі атрымлівайце падобнае. Галоўнае, не спыняйце любоў!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара і Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *