Гэты дзень мы набліжалі, як маглі…

Образование

Такую назву мела выстаўка жывапісу, на якой былі прадстаўлены работы гомельскіх аўтараў – членаў Беларускага саюза мастакоў, прысвечаная 65-й гадавіне  Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.  На працягу двух дзён яна праходзіла ў чэрвені ў фае “Меліяратара” і прыцягнула ўвагу хайнічан.

Найбольш часта яны спыняліся ля палотнаў, створаных бацькам і сынам Робертам і Віктарам Ландарскімі.

…На невялікі час удалося вырвацца з франтавых будняў маладому салдату. І вось настала хвіліна развітання, пасля якой наўрад ці наканавана наступная сустрэча. Сумнае імгненне. Яго раздзяляюць маці і бацька воіна і яшчэ адзін насельнік іх падворка – маленькі сабачка.

… Чырвонае зарыва, якое перарываецца чорнымі лініямі. Вось у такой своеасаблівай манеры пададзена адна з  тэматычных карцін. І дзесьці ў куточку – светлая пляма, як сімвал таго, што злосная навала знікне.

…Гэтая жанчына была адна з тых, хто змагаўся супраць ненавіснага ворага ў гады вайны, а ў пасляваенны час шчыра і самаддана працавала ў народнай гаспадарцы. Аб гэтым сведчаць шматлікія ваенныя і працоўныя ўзнагароды на святочным пінжаку, які вісіць на стуле і рукой за які трымаецца жанчына.

Як сімвал нашага сённяшняга светлага дня, на выстаўцы прадстаўлены шэраг нацюрмортаў і панно.

Даводзілася бачыць непадробны інтарэс людзей розных узростаў да вернісажа. І як добра, што знаходзяцца людзі, якія дораць гэтыя цудоўныя моманты датыкнення да мастацтва.


К. ГУЦАВА,
студэнтка ГДУ імя Ф. Скарыны.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *