Тутэйшыя: як на Пятро ў Казялужжа гулялі. І пры чым тут арэлі

Тутэйшыя

У нас, на Хойнікшчыне, так: як прыедзеш у вёску знаёміцца з мясцовымі жыхарамі (іх мы паважліва называем тутэйшымі), такога можна даведацца! Вось і наша падарожжа ў Казялужжа такім атрымалася. Але пра ўсё па парадку.

Гэта вялікая вёска, што знаходзіцца адразу пад райцэнтрам. Мясцовыя кажуць, калі не паспееш на аўтобус, прасцей дайсці да хаты «пешкі». Дарэчы, у апошнія гады населены пункт стаў папулярным: блізкасць да горада робіць вёску ўтульным прыгарадам, дзе можна набыць сабе дом – жывеш у сельскай мясцовасці, але быццам у горадзе.

Першай, з кім пагутарылі, стала загадчык Казялужскага дзіцячага садка Святлана Кундас. І хаця Святлана Рыгораўна родам з вёскі Віць, а жыве ў Хойніках, у Казялужжы яна тутэйшая. З 1987 года працуе ў садку, а з 1989 года па сёння яго ўзначальвае. Цяжка пералічыць, колькі пакаленняў вырасла ў гэты адрэзак часу.

Вядома, чарнобыльская трагедыя падкасіла і гэтыя мясціны. Вёска асірацела – так багата паехала адсюль людзей. Для параўнання: да 1986 года ў садзіку выхоўвалі 109 дзетак, а сёння – 37.

Праўда, нямала потым вярнулася і працягваюць жыць тут. Калі раней тут вялікія гулянні былі ў час прастольнага свята – Пакрова Божай Маці, то сёння нешта падобнае робіцца на Радуніцу. Вёска ажывае!

Але ж у дзень святых Пятра і Паўла, які праваслаўныя святкуюць 12 ліпеня, у Казялужжы быў звычай: абавязкова пасля работы, увечары, дарослыя нарадна апраналіся і разам з дзецьмі ішлі ў лясок… качацца на арэлях!

Па гэтай традыцыі менавіта арэлі былі сімвалам далейшага росту дабрабыту. Чым вышэй падкінуць цябе арэлі, тым лепей год пройдзе. Маленькіх, вядома, імкнуліся качаць цішэй. Ну а пасля садзіліся адразу на траве вячэраць. 

Гэта пацвярджае і паважаная ветэран працы Анастасія Рыгораўна Заяц. Больш за 25 гадоў яна прысвяціла рабоце з маленькімі аднавяскоўцамі – была памочнікам выхавацеля. І хаця даўно на пенсіі, калегі не забываюць пра сваю шаноўную Рыгораўну, заўсёды клічуць на святы, тэлефануюць. Ды і сама тутэйшая на месцы не сядзіць.

Прадэманстравала гаспадыня, якія малюнкі стварыла ўзімку – стварае карціны па нумарах, а ў маладосці вышывала няблага. Яе рушнік з кветкамі і сёння выглядае быццам новы. Узор вышывала Анастасія Рыгораўна, а карункі вязала яе маці Міхаліна Мікітаўна Дашко.

Побач з матуляй жывуць і яе трое дзяцей. Маму любяць і дапамагаюць.

З маімі наступнымі суразмоўцамі – Сафіяй Аніскавец і Занаідай Атрошчанка – размаўляла ў гасціннай хаце доўгажыхаркі: у ліпені Сафіі Антонаўне споўніцца 85 гадоў. Маці-гераіня (выхавала 5 дзяцей) і ветэран сельскай гаспадаркі рабіла паляводам у саўгасе «Хойніцкі». Сёння ў ветлівай жанчыны 9 унукаў і 10 праўнукаў. Гэтым і багатая тутэйшая жыхарка. Доўгі час ёй у хатняй гаспадарцы дапамагае сацыяльны работнік Ірына Атрошчанка – сціплая, але працавітая зямлячка. Ірына Фёдараўна хаця і адмовілася фатаграфавацца, але ж вельмі дапамагла напярэдадні нашай вандроўкі, за што асабісты дзякуй.

Добра было на душы, калі па Казялужжы гуляла. Тут хочацца расказаць пра многіх мясцовых і, спадзяюся, так і зраблю. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *