Навучыць дзяцей вучыцца

Людзі і лёсы Образование

dsc_0015У канцы жніўня на святкаванні Дня горада па традыцыі былі падведзены вынікі індывідуальнага спаборніцтва сярод работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна па выніках работы
за 2015 год. Яго пераможцам было прысвоена званне «Лепшы па прафесіі» з занясеннем на раённую Дошку гонару і ўручэннем адпаведных дыпломаў. Усіх гэтых ганаровых знакаў пашаны была ўдастоена выкладчыца гісторыі СШ № 1 г. Хойнікі Наталля Мікалаеўна Амельчанка – лепшы работнік устаноў адукацыі.
Пры асабістай сустрэчы нават крыху пазайздросціў яе цяперашнім і былым вучням, бо не так ужо і часта раней даводзілася сустракацца з людзьмі такога шырокага кругагляду і адукаванасці, такой высокай унутранай культуры, умення выслухаць субяседніка, нават не падзяляючы яго поглядаў. Таму і падумалася тады: менавіта такім і павінен быць сапраўдны Настаўнік.
Думаецца, што гісторыя – адзін з самых складаных для выкладання прадметаў: кожны гістарычны факт, кожную з’яву можна асвятляць і ацэньваць па-рознаму. Яно і зразумела: мяняюцца часы, мяняюцца настроі ў грамадстве, мяняюцца нават цэлыя грамадска-палітычныя фармацыі. Успомніце, напрыклад, колькі падзей мы перажылі за адны толькі тры апошнія дзесяцігоддзі! Як з’арыентавацца настаўніку гісторыі ў гэтых супярэчлівых, а часам і дыяметральна супрацьлеглых ацэнках, як сфарміраваць у вучняў адзіна правільную пазіцыю, як навучыць іх думаць і самастойна рабіць высновы?
На гэтыя пытанні ў Наталлі Мікалаеўны ёсць свае адказы, і сваю задачу як настаўніка яна фармуліруе так:
– Мы павінны навучыць вучняў вучыцца: не прымушаць іх бессэнсоўна і механічна завучваць тэкст, а вучыць разумець яго, успрымаць сутнасць, вучыць самастойна разважаць і думаць. Гэта магчыма толькі тады, калі ты сфарміруеш у школьніка жывую цікаўнасць да свайго прадмета, калі ён будзе з дзіцячай нецярплівасцю чакаць твайго чарговага ўрока. Тады і справы ў навучанні пойдуць на лад, і жывое ўзаемаразуменне паміж вучнем і настаўнікам стане больш трывалым і эфектыўным.
Запытаўся ў Наталлі Мікалаеўны: наколькі і чым адрозніваюцца школьнікі 90-х гадоў ад сённяшніх – ці аказвае свой уплыў на вучэбны працэс бурная навукова-тэхнічная рэвалюцыя, перш за ўсё імклівае ўкараненне ў паўсядзённае жыццё новых інфармацыйных тэхналогій – камп’ютараў, мабільных тэлефонаў, іншых, як прынята казаць, гаджэтаў?
Адказ мне вельмі спадабаўся:
– Ведаеце, дзеці заўсёды застаюцца дзецьмі… Так, інфармацыйныя магчымасці сённяшняга дня не параўнаць з мінулымі, і свой адбітак на паводзіны школьнікаў яны, канешне ж, накладваюць. Сённяшнія дзеці больш раскаваныя і вольныя, болей багатая іх паўсядзённая мова, больш разнастайнае кола іх цікаўнасцей.
Але лічу, што ўсе праблемы і рысы, уласцівыя таму ці іншаму ўзросту, у цэлым застаюцца нязменнымі ў самыя розныя часы. Таму яшчэ адна задача настаўніка як выхавацеля – дапамагчы вучню сфарміравацца духоўна, стаць самастойнай і высокамаральнай асобай.
І тут ужо многае залежыць не толькі ад нас, педагогаў, але і ад бацькоў, іх асабістага прыкладу. Таму заўсёды імкнуся знайсці трывалы кантакт і ўзаемаразуменне не толькі з вучнямі, але і іх татамі і мамамі.
Замест запланаванай паўгадзіны прагаварылі з Наталляй Мікалаеўнай утрая болей. Высветлілася, што і Інтэрнэту яна зусім не цураецца, і кнігі любіць, прычым шануе як расійскіх, так і беларускіх майстроў слова (напрыклад, М.Г. Чарнышэўскага і І.Я. Навуменку, паэтаў А. Блока, М. Лермантава і Ф. Цютчава).
…У той дзень прырода парадавала наш горад багатым ранішнім снегападам, і калі выйшаў з будынка СШ №1 – бела было і на зямлі, і ў паветры. Бязгучна і павольна кружыліся густыя і буйныя сняжынкі, і на душы пачувалася светла і лёгка – так звычайна бывае тады, калі сустрэнешся з добрым і разумным чалавекам. Міжволі падумалася: «Дай бог усім дзецям такіх настаўнікаў, як мая субяседніца!»

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *