Гэта наша трыццаць першая вандроўка, і прыпала яна на 31-е чысло. Накіраваліся мы ў вёску Дворышча, каб даведацца: ці ёсць святочны настрой у мясцовых жыхароў. Высветлілася, ёсць.
Упрыгожаны многія хаты. Мы завіталі да сям’і Пінчук, каб спытаць, хто ў іх так арыгінальна аформіў вокны – аказалася, дачка Кіра. Гаспадары дома Святаслаў і Іна ўжо ва ўсю рыхтуюцца да Новага года, будуць святкаваць дома сям’ёй, запросяць у госці цешчу Аляксандру Рыгораўну.
Узняты настрой быў і Дзімы Распопава. Мы яго сустрэлі на вуліцы, ён ішоў з трэніроўкі па лёгкай атлетыцы. Юнак нам расказаў, што сустракаць доўгачаканае свята будзе весела, бо ў яго дружная кампанія – бацькі, тры браты і сястра. Распавёў і пра тое, як яму давялося святкаваць Новы год у Італіі: пра Санта-Клауса, розныя італьянскія традыцыі. Але падвынікаваў, што ў нас адзначаюць нічым не горш.
Ну а Кацярына Яўгеньеўна Хадасок – гэта наогул чалавек пазітыўны па жыцці. Усяго некалькі хвілін паразмаўлялі з ёй, а добрым настроем зарадзілася ад яе надоўга. Працавала бабуля ў дзіцячым садзе, які размяшчаўся ў гарадскім парку, пасля – рабочай у ДЭУ. Шчыраваць прывучана з дзяцінства, і зараз па гаспадарцы ўсё робіць сама: градкі садзіць, дровы коле, грубу паліць і г.д.
Пра сябе гаворыць: «Баба саўраменная, баба глядзіць «Давай пажэнімся», «Ждзі мяне», «Малахава». У Хойнікі ездзіць на веламашынке. У «БелАЗ», «Еўраопт». Аформіла нават сабе скідкі. Яшчэ ў царкву. Баба паедзе ўсюды. Такой бабай у такім узросце быць дай Бог кожнаму! Зараз вось іду да Ганкі, яна хворая, праведаю, потым да Марыі зайду. Трэба дабро рабіць, і яно табе абавязкова вернецца».
І як з гэтым не згадзіцца? Няхай наступаючы год будзе напоўнены дабрынёй.