Чалавек – не тавар!

Законнасць і парадак

Кажуць, што за грошы сёння можна купіць усё. Нават чалавека. Гучыць гэта па-кашчунску, але ў апошнія гады праблема гандлю людзьмі (асабліва жанчынамі і дзецьмі) набыла сусветны размах. Гандаль людзьмі – парушэнне правоў чалавека на свабоду, асабістую недатыкальнасць, годнасць, права на само жыццё.



Паводле звестак нашых праваахоўных органаў, прыбытак ад гандлю беларускімі грамадзянамі складае каля 11 мільёнаў долараў у год. Больш за 1100 крымінальных спраў, звязаных з гандлем людзьмі, расследавана ў Беларусі за апошнія тры гады.



Гандляры людзьмі ўмела выкарыстоўваюць беднасць, беспрацоўе, эканамічнае і палавое нераўнапраўе, прагу да прыгод і жаданне выехаць за мяжу або ў вялікі горад у пошуках лепшай долі. Большасць ахвяр – жанчыны і непаўналетнія дзяўчаты, якіх падманам або гвалтам прымушаюць да аказання сексуальных паслуг і рабскай працы. Факты сведчаць аб тым, што пацярпеўшыя жанчыны ёсць у кожным рэгіёне краіны.



Самая традыцыйная «нажыўка», на якую «клююць»патэнцыяльныя ахвяры, – рэклама. Пад выглядам аказання паслуг па працаўладкаванню за мяжой прапануецца работа танцоўшчыц, гувернантак, фотамадэляў і інш. Гандлярамі могуць быць знаёмыя, сябры, якіх ахвяры ведаюць і якім давяраюць. Часта гэта  жанчыны, якія лёгка заваёўваюць давер сваіх расчараваных суайчынніц. Гандаль людзьмі не звяртае ўвагі на ўзрост, пол, ён не мае межаў і распаўсюджаны як у развітых краінах, так і ў тых, што развіваюцца. Яго ахвярай можа стаць кожная жанчына.



Усведамленне грамадствам значнасці і складанасці праблемы гандлю людзьмі прывяло да актыўнага пошуку адэкватных мер па ліквідацыі гэтай з’явы. Так, у Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь быў унесены артыкул «Гандаль людзьмі – дзеянні накіраваныя на здзяйсненне куплі-продажу або іншых здзелак у адносінах да залежнай асобы ў форме яе перадачы ці завалодання ёю». Адказнасць за гэтае злачынства прадугледжвае арышт, абмежаванне свабоды або пазбаўленне свабоды да 6 гадоў з канфіскацыяй ці без канфіскацыі  маёмасці.



Урадам Беларусі прынята Дзяржаўная праграма комплексных мер па супрацьдзеянню гандлю людзьмі і распаўсюджванню прастытуцыі. У рамках яе выканання наладжана ўзаемадзеянне паміж органамі бяспекі і ўнутраных спраў, пагранічнымі войскамі і мытняй.
Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў прыняты Дэкрэт №3 «Аб некаторых мерах па супрацьдзеянню гандлю людзьмі». У ім сказана, што любая дзейнасць, звязаная з працаўладкаваннем за мяжой, дзейнасць мадэльных, шлюбных агенцтваў падлягаюць  абавязковаму ліцэнзаванню. Згодна з Дэкрэтам, дагаворы ў адносінах да кожнага працаўладкоўваемага павінны абавязкова рэгістравацца ў тэрытарыяльных органах унутраных спраў. У Дэкрэце закладзена ўмова заключэння абавязковага      пісьмовага    дагавору паміж суб’ектам гаспадарання, які накіроўвае грамадзян, і працаўладкоўваемым. Накіраванне грамадзян, якія навучаюцца ў арганізацыях сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь, на вучобу за мяжу ажыццяўляецца з пісьмовага дазволу Міністэрства адукацыі. Усынаўленне дзяцей, грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежнымі грамадзянамі ажыццяўляецца толькі з пісьмовага дазволу Міністэрства адукацыі.



Гандаль людзьмі – бесчалавечнае злачынства. Для барацьбы з ім удасканальваецца нацыянальнае заканадаўства, уносяцца змены ў Крымінальны кодэкс і прымаюцца новыя нарматыўныя акты. Так, законам ад 4 мая 2005 года ў норму Крымінальнага кодэкса, што рэгламентуе крымінальную адказнасць за гандаль людзьмі, унесены змены, якія адпавядаюць міжнародна-прававым падыходам, дзе гандаль людзьмі – купля-продаж чалавека або здзяйсненне іншых здзелак у адносінах да яго, а таксама праведзеныя ў мэтах эксплуатацыі вярбоўка, перавозка, перадача, укрывальніцтва чалавека караюцца пазбаўленнем волі ад 5 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Такім чынам, мера адказнасці за гэтае злачынства стала больш жорсткай.



Праблема застаецца актуальнай па сённяшні дзень і патрабуе далейшай распрацоўкі эфектыўных мер па папярэджванню, выяўленню гэтых злачынстваў, прыцягненню да адказнасці вінаватых, а таксама дапамогі ахвярам.



В. КОТЧАНКА, першы намеснік начальніка РАУС, начальнік крымінальнай міліцыі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *