Нязгасны прамень святла

Людзі і лёсы

Нязгасны прамень святла



Яркая асоба, твар пакалення, чалавек вартасці і ўчынка – гэта ўсё пра Аляксандра Максімавіча Зелянкоўскага, у якога была нястомная прага бурнага ўдзелу ў грамадскім жыцці нашай Хойнікшчыны. Менавіта бурнага, таму што ў кожную справу ён укладваў страсць. Рабіць штосьці з халодным сэрцам для яго было немагчыма. Ён умеў непадзельна аддаваць сябе рабоце і чалавечым стасункам, мог шчодра адорваць сабою людзей, не чакаючы нешта атрымаць у адказ. Хаця, як ведаць, можа гэта і было яго галоўнае багацце, бо чым больш чалавек аддае свету, тым багацей становіцца сам.



Гэты матэрыял не што іншае, як збор імгненняў, выхапленых з жыцця А.М. Зелянкоўскага, якія, паступова разгараючыся, асвятлялі яго зямны шлях.



Карані А.М. Зелянкоўскага  ў вёсцы Малішаў,  дзе ён нарадзіўся ў 1921 годзе. Яго бацькі Максім Яфімавіч і Еўдакія Лаўрэнцьеўна займаліся сельскай гаспадаркай, аднымі з першых у 1929 годзе ўступілі ў калгас. У гэтым жа годзе Аляксандр паступіў у першы клас Малішаўскай няпоўнай школы, а ў 1939 годзе закончыў 10 класаў СШ № 1 і, прайшоўшы курсы пры інстытуце павышэння кваліфікацыі кадраў народнай адукацыі ў г. Мінску, працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Антонаўскай няпоўнай сярэдняй школы Мазырскага раёна. У кастрычніку таго ж 1939 года быў прызваны ў Чырвоную Армію, служыў спачатку ў горадзе Саратаве ў 110-м артылерыйскім палку, а з 1940 года служба праходзіла ў Малдове, Літве, Латвіі. Вялікая Айчынная вайна заспела яго на службе ў Ждановічах, часць, дзе служыў, перакідваецца на Калінінскі фронт, на станцыю Нялідава. Удзельнік баёў за вызваленне гарадоў Белага, Вялікіх Лук, Новасакольнікаў, Невеля. Так з баямі рухаліся на захад, а 18 ліпеня 1944 года пераехалі граніцу Калінінградскай вобласці і Латвійскай ССР. 27 ліпеня штурмавалі горад Рэжыцу, за што часць была адзначана ў загадзе Галоўнага камандавання і ёй было прысвоена званне «Рэжыцкай». Наступленне працягвалася ў бок Рыгі.



У снежні 1944-га часць уваходзіць у склад Беларускага фронта ў раёне Варшавы, дзе 17 студзеня 1945 года пачалося наступленне ў баку Берліна. Да 20 красавіка часць падышла на адлегласць артылерыйскага выстралу  да фашысцкага логава, якое было павержана да  1 мая. У дзень Перамогі старшы сяржант А.М. Зелянкоўскі, які ўступіў у члены КПСС у адным з баёў, сфатаграфаваўся са сваімі баявымі сябрамі і ўдзельнікам штурма рэйхстага Еўтушэнкам і партыйным актывам 136-й артылерыйскай брыгады на чале з яе камандзірам Героем Савецкага Саюза Пісаравым. У лістападзе 1945 года А.М. Зелянкоўскі ў званні старшыны быў дэмабілізаваны з германскай вёскі Бергіту.



Пасля непрацяглага водпуску былы воін быў загадчыкам Валокскай хаты-чытальні, затым па красавік 1952 года працаваў у раённым зямельным аддзеле на пасадзе землеўпарадкавальніка.
У 1961 годзе А.М. Зелянкоўскі паступіў, а ў 1966 годзе закончыў Мазырскі педагагічны інстытут імя Н.К. Крупскай і 24 гады працаваў у Хойніцкім РК КПБ на пасадзе загадчыка агульнага аддзела, выбіраўся сакратаром партыйнай арганізацыі райкама КПБ і доўгі час быў на грамадскіх пачатках  старшынёй райкама прафсаюза работнікаў культуры. Таксама на грамадскіх пачатках выконваў абавязкі старшыні раённай камісіі садзейнічання Савецкаму фонду міру.



З выхадам на пенсію ў 1981 годзе грамадская дзейнасць А.М. Зелянкоўскага набывае шырокі размах, ён праводзіць вялікую работу па ваенна-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Асаблівае мастацтва звяртацца да розуму і сэрцу кожнага педагога і вучня здабыло яму вялікі аўтарытэт і павагу сярод педагагічнай грамадскасці нашага горада і раёна.



Сустрэчы з ім чакалі і вайскоўцы, якія ў 1986 годзе займаліся ліквідацыяй наступстваў катастрофы на ЧАЭС. З кожнай аўдыторыяй з першай жа мінуты ўсталёўваўся давяральны кантакт, у зале стаяла чуйная цішыня, а потым – удзячныя апладысменты, таму што выступаючаму было што сказаць.



І працягвае актыўна супрацоўнічаць з раённай газетай «Ленінскі сцяг», на яго старонках надрукавана больш за 100 матэрыялаў актыўнага пазаштатнага карэспандэнта, у якіх ён яскрава, неабыякава расказваў пра сваіх герояў, іх дасягненні, клопаты, праблемы, уздымаў гістарычныя тэмы.  Усе яны ўвайшлі ў кнігу «Памяць. Хойніцкі раён», якая выйшла ў свет у красавіку 1993 года. За гэта А.М. Зелянкоўскаму прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін г. Хойнікі».



Штаб па складанню гэтай кнігі размяшчаўся ў хойніцкім гарвыканкаме, куды людзі неслі і неслі патрэбныя звесткі, сам Аляксандр Максімавіч правёў сапраўды тытанічную работу складальніка, некалькі разоў выязджаў у тыднёвыя камандзіроўкі ў Падольскі ваенны архіў для ўдакладнення звестак, адзін з пакояў яго дома на час стварэння кнігі ператварыўся ў рабочы кабінет.



Каля 10 гадоў А.М. Зелянкоўскі працаваў у раённым Савеце ветэранаў, кіраваў секцыяй прапаганды, а ў 1993 годзе зацверджаны дырэктарам раённага краязнаўчага музея. Разам з М.С. Скрыпчанкам яны сталі ініцыятарамі і выканаўцамі работ па пераносу музея ў новае памяшканне па вул. Савецкая, сабралі многа новых экспанатаў. Тут жа зноў праявіўся літаратурны талент Аляксандра Максімавіча: пад яго рэдакцыяй тыражом у 2000 экземпляраў у Хойніцкай узбуйненай друкарні выйшла ў свет кніга «Па залах раённага краязнаўчага музея».



Супрацоўнічаў А.М. Зелянкоўскі з рэдакцыяй Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, дзе  ў першым томе змешчаны  яго звесткі пра населеныя пункты нашага раёна: Аўраамаўскую, Аравічы і Амелькаўшчыну.
Да самага апошняга біцця свайго сэрца, якое спынілася ў 1997 годзе, А.М. Зелянкоўскі знаходзіўся ў страі. Гэта была цэльная асоба ва ўсіх адносінах. А.М. Зелянкоўскі быў закаханы ў сваю вялікую Радзіму – СССР, верыў у кампартыю і яе ідэалы, жыў ва ўнісон сваёй краіны. Ён прырос да Айчыны сваімі каранямі і ганарыўся ёю. У гэтым чалавеку ні кроплі не было няшчырага, як ніхто іншы ён умеў радавацца чужым поспехам. Вось хто валодаў талентам чалавечнасці!



Як сумна пісаць матэрыял, ведаючы, што ён яго не прачытае. Але, здаецца, гэта духоўны помнік чалавеку, які рабіў усё магчымае і немагчымае, каб Хойнікшчына была лепшай, прыгажэйшай, багацейшай. На шчасце, велізарная работа сапраўднага спадзвіжніка адзначана на розных узроўнях. Душа ў А.М. Зелянкоўскага была ўзвышанай і чыстай. Святло яе не згасла і ніколі не згасне.



Аўтар выказвае падзяку дочкам А.М. Зелянкоўскага Ніне Латышкевіч і Галіне Барысенка, якія беражліва захоўваюць архіў бацькі, за іх успаміны і прадастаўленую аўтабіяграфію ў дакументах і фотаздымках.
Пры жыцці А.М. Зелянкоўскаму ўдалося многае: стварыць моцную і дружную сям’ю, дзе ўсе сапраўды любяць адзін аднаго, гатовы зразумець і прыняць роднага чалавека ў любой сітуацыі, абавязкова прыдуць на дапамогу ў бядзе і парадуюцца за поспехі.



 Аляксандр Максімавіч і Марыя Цярэнцьеўна Зелянкоўскія заключылі шлюб у 1947 годзе і пражылі разам 50 гадоў. Іх зямны працяг – 5 дзяцей, якія выбралі для сябе тую справу, якую па-сапраўднаму любяць, таму дасягнулі ў ёй поспехаў,  10 унукаў і 8 праўнукаў.



Аляксандр Максімавіч Зелянкоўскі ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй», «За вызваленне Варшавы»,»За ўзяцце Берліна», медалём «За працоўную доблесць». А таксама шматлікімі Ганаровамі граматамі і падзякамі. Яго фотаздымак змяшчаўся на  раённай Дошцы гонару.



Рашэнне сесіі Хойніцкага гарадскога Савета дэпутатаў ад 1987 года:
«За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны  1941-1945 гг., за доблесны ўклад у станаўленне і развіццё горада, вялікую грамадскую работу па фарміраванню ў падрастаючага пакалення высокіх маральна-патрыятычных якасцей прысвоіць Зелянкоўскаму Аляксандру Максімавічу званне «Ганаровы грамадзянін г. Хойнікі».


 
Клаўдзія Босак.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *