Ад дзіцячага сада да цэнтра развіцця
Гэты год для дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці, што па вул. 70 год Кастрычніка г. Хойнікі, юбілейны – 25 гадоў з дня адкрыцця. За час існавання ўстанова адукацыі пашырала свае магчымасці, прырастала абсталяваннем, прыгажэла, станавілася ўтульней. Больш за 1500 хлопчыкаў і дзяўчынак сталі выпускнікамі дзіцячага сада за гэтыя гады. Зараз многія з іх, пасталеўшы і стаўшы бацькамі, водзяць сюды сваіх дзяцей.
Шляхі станаўлення
Змены былі не толькі ў назве, канешне. Пашыраліся магчымасці, спецыялізацыя, дадатковыя паслугі. Так, калі дзіцячы сад набыў санаторны профіль, пашырыўся штат медыцынскіх работнікаў. Па назначэнню педыятра праводзіліся фізіяпрацэдуры, масаж, інгаляцыі, заняткі лячэбнай фізкультурай.
З пераўтварэннем у дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці з’явілася большая накіраванасць на дадатковае развіццё творчых здольнасцей дзяцей. Пашырылася колькасць гурткоў, праўда, зараз яны называюцца адукацыйнымі паслугамі. Дзяцей не толькі вучаць спяваць, маляваць, але і развіваюць у іх эстэтычнае ўяўленне, артыстычныя здольнасці. Магчыма, гэтыя асновы, закладзеныя ў такім юным узросце, дазволяць у далейшым гэтым дзецям больш поўна раскрыць свае здольнасці.
– Дадатковыя адукацыйныя паслугі арганізаваны па некалькіх напрамках, – расказала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Ларыса Уладзіміраўна Дзенісюк. – Музычна-эстэтычнага: «Кнопочки», «До-ми-соль-ка», «Колокольчик» (на здымку ўнізе), «Золотая нотка»; мастацка-эстэтычнага «Маленькие волшебники» (на здымку ў цэнтры); фізкультурна-аздараўленчага «Радуга здоровья»; інтэлек-туальна-развіваючага «Речевичок». Заняткі праводзяць нашы педагогі – музычныя кіраўнікі І.Р. Парынгоўская і Л.М. Чарнякова, выхавальнік А.У. Піляк, кіраўнік фізічнага выхавання В.С. Шыдлоўская, настаўнік-дэфектолаг С.В. Ятчанка. Да таго ж, на базе дашкольнага цэнтра заняткі па выяўленчаму мастацтву «Юный художник» і тэатральнай накіраванасці «Мир сказок» праводзяць педагогі дадатковай адукацыі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Заняткі праводзяцца ў сярэдніх і старшых групах. Нагрузка размеркавана такім чынам, каб былі ахоплены ўсе дзеці.
Таксама ў цэнтры ёсць адаптацыйныя група кароткачасовага знаходжання для дзяцей, якія яшчэ не наведваюць дзіцячы сад. Па 3 гадзіны ў дзень з панядзелка па пятніцу дзеці наведваюць групу, займаюцца, знаёмяцца. Потым, калі пачнуць хадзіць у дашкольны цэнтр, ім будзе прасцей адаптавацца.
Калектыў
Педагагічны калектыў складаецца з людзей творчых, вопытных, неабыякавых да сваёй работы. З першага года адкрыцця сада працуюць выхавальнікі А.У. Цуранава, М.А. Клімава, А.У. Піляк, Н.М. Першына, Л.М. Сінгаеўская, М.І. Рэзчык, памочнік выхавальніка Н.У. Юрчанка. Не адстае і маладое пакаленне: вучацца ў старэйшых калег, уносяць задор і аптымізм у прафесію. Цудоўна ўпісаўся у калектыў малады спецыяліст гэтага года М.Ю. Зорын, яго фізкультурныя заняткі дзецям вельмі падабаюцца.
Не забываюць і ветэранаў педагагічнай працы, якія не адзін год аддалі стараннай рабоце з дзецьмі. Частыя госці ў дашкольнай установе С.С. Кліменка, Г.С. Дзянгубенка, М.П. Вінічэнка, Л.У. Чэркас, Т.І. Кліменка. Заходзяць, цікавяцца справамі калектыву і цэнтра.
10 гадоў адпрацавала медсястрой у дзіцячым садзе В.П. Кароль, якая зараз таксама на заслужаным адпачынку. У якасці загадчыка гаспадарчай часткі 23 гады працавала А.Р. Грыгаровіч. Шмат гадоў аддалі працы ў дашкольнай установе тэхперсанал М.М. Дзям’янчык, С.С. Сыроід, К.М. Касаткіна. З першага дня адкрыцця працуюць повары Л.М. Родзіна і Р.Р. Згурская, кухонная рабочая Ю.В. Краўчук.
Нядаўна пайшла на заслужаны адпачынак загадчыца Л.І. Міхед. Амаль 25 гадоў узначальвала яна дзіцячы сад, уступіўшы на гэту пасаду ў 1987 годзе. Менавіта Любоў Іванаўна прымала сімвалічны ключ ад новай дашкольнай установы з рук тагачаснага дырэктара машынабудаўнічага завода «Салют» Паўла Ліпатавіча Бакаушына.
– Калектыў установы зладжаны, што ўстаяўся, як кажуць, – гаворыць сённяшняя яго загадчыца Валянціна Сяргееўна Лешчанок. – Многіх хочацца адзначыць, таму што стараюцца, укладваюць у прафесію душу. А крэатыву і творчасці ў нашых работнікаў столькі, што часам проста дзіву даешся, як можна было такое прыдумаць. Цікавыя заняткі, падзелкі, разнастайныя мерапрыемствы… І з года ў год прыдумваецца нешта новае. Вось што значыць людзі сапраўды знайшлі сваё прызванне і прызначэнне.
Бацькоўская дапамога
– Вельмі прыемна, – расказвае загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці В.С. Лешчанок, – што бацькі нашых выхаванцаў не застаюцца ў баку ад спраў, дапамагаюць і падтрымліваюць. Дапамагаюць у правядзенні касметычнага рамонту, набываюць ігравую мэблю, цацкі, вырабляюць надворны інвентар – пясочніцы, машынкі, грыбкі. Прапануюць дапамогу ў азеляненні тэрыторыі, набываюць кніжныя дапаможнікі «Умней-ка», па якіх займаюцца дзеці.
Актыўна ўдзельнічаюць бацькі і ў мерапрыемствах як у групах, дзе навучаюцца іх дзеці, так і ў агульных. Усім патрэбна сказаць дзякуй.
Аснашчэнне
Умовы для паўнацэннага развіцця творчых і фізічных здольнасцей дашкалят створаны належным чынам: групавыя памяшканні з асобнымі спальнямі, музычная і фізкультурная залы, студыя выяўленчага мастацтва, кабінеты дэфектолага і псіхолага, а таксама фітабар. Летам дзеці малююць за мальбертамі на свежым паветры як сапраўдныя мастакі.
Фітабар наведваюць усе групы ў вызначаны дзень і час. Фітачаі, якія набываюць бацькі выхаванцаў па рэкамендацыі медсястры З.Р. Крукавай, дзецям вельмі падабаюцца.
Паступова абсталяванне мяняецца, умовы паляпшаюцца. Летась праводзілася замена аконных блокаў на лесвічных праёмах і ўнітазаў у групах. На днях дашкольны цэнтр атрымаў ігравое абсталяванне, а таксама сталы і стульчыкі, якія размеркаваны па групах. Размеркаваны па групах і пластыкавыя цацкі (машынкі, канструктары), набытыя за кошт бюджэтнага фінансавання.
Прыгажэе і дваровая тэрыторыя. Не толькі гульнявымі і спартыўнымі пляцоўкамі і пляцоўкай па вывучэнню правіл дарожнага руху можа ганарыцца дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці. Домік, млын, сям’я парсючкоў, конік з возам, калодзеж, гняздо з бусламі – і гэта яшчэ не ўсе малыя архітэктурныя формы пералічаны. І дзецям весялей, і вачам прыгажэй. А ствараюць такую прыгажосць самі работнікі дашкольнага цэнтра пры дапамозе бацькоў.
Работа працягваецца. Кожны дзень мамы і таты вядуць сваіх дзетак у дашкольны цэнтр. І кожны дзень іх сустракаюць з усмешкай, радасцю, жаданнем. Так было. Так будзе і надалей, нягледзячы на гады, юбілеі, даты.