У краязнаўчым музеі адбылася раённая навукова-практычная канферэнцыя «Іосіф Антонавіч Гашкевіч – гонар нашай малой радзімы», прысвечаная памяці выдатнага лінгвіста, прыродазнаўцы, дыпламата, першага консула Расійскай імперыі ў Японіі Іосіфа Антонавіча Гашкевіча.
Ён вядомы таксама як аўтар японска-рускага, карэйска-рускага і мангольска-рускага слоўнікаў, лаўрэат поўнай Дзямідаўскай прэміі за выдатны ўклад ў развіццё навукі, філантроп і мецэнат. Іосіф Гашкевіч нарадзіўся амаль 205 гадоў таму назад на Хойніцкай зямлі, у в. Стралічава Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Да сённяшняга часу яго імя мала вядома ў беларускім грамадстве, таму мэтай канферэнцыі стала ўвекавечанне памяці Іосіфа Антонавіча Гашкевіча.
Ініцыятарам канферэнцыі выступіла раённае метадычнае аб`яднанне настаўнікаў гісторыі нашага раёна (кіраўнік, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 1 Н.М. Амельчанка і настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 2 У.М. Смольскі).
Удзел у юбілейных мерапрыемствах прынялі вучоныя-гісторыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны – кандыдаты гістарычных навук, дацэнты В.А. Міхедзька і С.Ф. Верамееў, метадыст Гомельскага каледжа-філіяла дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, ураджэнка в. Стралічава Т.У. Ярмольчык, благачынны Хойніцкай царкоўнай акругі, настаяцель царквы Праабражэння Гасподня в. Сялец Брагінскага раёна іерэй Расціслаў Бандарэнка, а таксама настаўнік гісторыі сярэдняй школы №3 С.В. Бельскі. З прывітальным словам да ўсіх звярнулася начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Л.М. Тупіца.
Удзельнікі канферэнцыі перш-наперш наведалі тое месца ў аграгарадке Стралічава, дзе знаходзіўся дом І.А. Гашкевіча, а таксама сустрэліся з вучнямі мясцовай школы. Пасля гэтага ў раённым краязнаўчым музеі адбылося паседжанне, на якім закранулі розныя аспекты жыццёвага шляху і дзейнасці нашага славутага земляка.
У прыватнасці, ішла гаворка пра месца нараджэння І.А. Гашкевіча, пра яго бацьку – Антона Іванавіча Гашкевіча, які быў настаяцелем Свята-Міхайлаўскай царквы ў в. Стралічаве, пра альма-матэр будучага дыпламата і навукоўцы – духоўную семінарыю ў Слуцку. Узгадалі і іншых славутых ураджэнцаў Хойніцкай зямлі, імёны якіх заслужана занялі пачэсныя месцы ў гісторыі, прычым не толькі беларускай. Вучні, якія прысутнічалі на канферэнцыі, а таксама ўсе жадаючыя атрымалі буклеты з біяграфічнымі звесткамі аб І.А. Гашкевічу, распрацаваныя Т.У. Ярмольчык.
Да юбілейнай даты супрацоўнікі музея падрыхтавалі адпаведную экспазіцыю. Пазнаёміцца з ёй могуць усе жадаючыя.
Канферэнцыя раскрыла шматграннасць асобы Іосіфа Антонавіча Гашкевіча і велізарнасць той навуковай і культурнай спадчыны, якую ён пакінуў нашчадкам. Таму заканамерным стала падпісанне ўсімі ўдзельнікамі канферэнцыі зваротнага ліста да кіраўніцтва раёна з канкрэтнымі прапановамі адносна ўвекавечання памяці нашага славутага земляка: перайменаваць адну з вуліц горада (у прыватнасці, вул. Калгасную) у гонар І.А. Гашкевіча.
Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.