У музеі захоўваюцца векавыя ручнікі

Год малой радзімы Общество

Сёння такія атрыбуты беларускага побыту, як ручнікі, успрымаюцца ў якасці дэкору ці каштоўнага падарунка.

Зараз цяжка ўявіць, што 100 гадоў назад гэтыя вышыванкі былі неад’емным элементам жыцця любой вясковай сям’і, а ўменне ткаць льняные палотны і абшываць іх узорам перадавалася дочкам як мага раней.

Усе яны маюць між сабою агульныя рысы: абшыты карункамі ніжні край, палатно 3-5 м у даўжыню, у якасці ўзору часцей выкарыстоўвалі чырвоныя ніці, якімі вышывалі кветкі, арнаменты і ўкладалі асаблівы сэнс у малюнак. З часам сімвалы моцу, сям’і і кахання сталі насіць дэкаратыўны характар, а майстрыхі адыходзілі ад звычнага чырвонага колеру, аддаючы перавагу яркім фабрычным ніткам.

Пабачыць ручнікі, якія рабілі і аздаблялі жыхаркі нашага раёна, даведацца пра гісторыю некаторых экспанатаў можна ў экспазіцыі краязнаўчага музея.

Адным з цікавых прыкладаў стаў ручнік Ксеніі Фёдараўны Заяц (Лук’яненка): на звычным выбеленым фоне квітнеюць ружы і лілеі, а вакол ініцыялаў дзяўчыны «К.З.» лятаюць ластаўкі. Сам ручнік трапіў у музейны фонд некалькі дзесяцігоддзяў назад. Дачка майстрыхі Валянціна Мікалаеўна Бордак зрабіла бясцэнны падарунак: прынесла ў музей некалькі матуліных ручнікоў і саматканых посцілак.

Гэты ручнік Ксенія Фёдараўна вышывала ў дзявоцтве, прыкладна ў 1926 годзе. Цікавы факт: на ручніке вышыты першыя літары імя і прозвішча, хаця жанчына была непісьменнай. Гэты ўзор рабіў вясковы мастак, імя якога не захавалася, ён і нанёс на тканіну ініцыялы. А дзяўчына абшыла малюнак. Замуж з натканым прыданым Ксенія пайшла крыху пазней, у 1929 годзе. Так ураджэнка в. Звяняцкае стала жыхаркай в. Небытаў, дзе і нарадзіліся сямёра яе дзяцей.

Як успамінае Валянціна Мікалаеўна, матуля часта сядзела за кроснамі. Дарэчы, гэтая прылада прысутнічала амаль у кожнай хаце. Гаспадыні ткалі палотны, шылі з іх бялізну ці сарочкі, абрадавыя ручнікі. Ды і лён самі вырошчвалі, апрацоўвалі і пралі. Да гэтай справы ў небытоўскай сям’і Лук’яненка далучылі старшых сясцёр, адна з іх, Кацярына, пазней працавала вышывальшчыцай на фабрыцы мастацкіх вырабаў – матуліны ўрокі на карысць пайшлі.

На вялікі жаль, імёны іншых уладарак ручнікоў, якія выстаўлены ў музеі, не захаваліся. Ёсць даныя, што некаторыя вырабы перададзены хайнічанкай Надзеждай Сямёнаўнай Данчанка, іншыя – ад жыхаркі Веляціна Ганны Канстанцінаўны Прышчэпавай.

У нас на Палессі сіла ручніка паважалася асабліва. Таму нездарма ім часта накрывалі іконы – ад дурнога вока, а на Вялікдзень ненадоўга здымалі і на дзверы вешалі – каб навальніцу ад хаты адвесці.

Для мяне і цяпер дзіўна, што ўзоры на нашых хойніцкіх ручніках і па сёння збераглі свой чырвоны колер, а тканіна як новая. Нашы продкі ўклалі ў сваю работу вялікую стваральную энергію, яна і беражэ гэтае багацце.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *