Мары здзяйсняюцца! Ганна – кадэт

Образование

Стаць у кадэцкі строй Ганна Гарашчанка марыла з дзяцінства.

Яе прываблівалі прыгожая форма, цудоўная выправа кадэтаў, яна з захапленнем глядзела на ваенных людзей па тэлебачанню, уражвалася афіцэрскай мужнасці і смеласці, аб якіх напісана шмат кніг. І калі раней Аня мела магчымасць бачыць серыял «Кадетство» толькі на экране, то цяпер яна сама ў цэнтры кадэцкага жыцця, але гэта ўжо зусім іншае «кіно»…

Вучылася такая крохкая знешне, але з такім моцным характарам дзяўчынка ў Паселіцкай школе. Летась паступіла ў Гомельскае кадэцкае вучылішча. Варта адзначыць, што атрымаць пунсовыя пагоны не проста: трэба мець добрую паспяховасць, фізічную і псіхалагічную падрыхтоўку. Аднак мэтанакіраванасць юнай Ганны разбіла ўшчэнт усе складанасці. Цяпер яна курсантка першага курса, першага ўзводу і, дарэчы, камандзір першага аддзялення!

Бацькі адразу падтрымалі жаданне дачкі, хаця разумеюць, што і далей дзяўчына плануе працягваць ваенны шлях. Так, некаторыя скептыкі наракаюць, маўляў, кадэцкае вучылішча ў дзяцей крадзе дзяцінства. Але мая субяседніца лічыць, што глупства ўсё гэта. Перамога над цяжкасцямі, як прышчэпка. Атрымліваеш яе ў дзяцінстве, і «хвароба» не страшная. Кадэцкае жыццё выдатна загартоўвае характар юнакоў і дзяўчат.

Зразумела, што дзецям, асабліва спачатку, хочацца ўвагі, бесклапотных дзянькоў, а тут рэжым строгі, распарадак дня. Але з часам мяняюцца каштоўнасці і адчыняюцца новыя перспектывы.

У кадэцкім вучылішчы пануе асаблівая атмасфера. Галоўныя традыцыі – патрыятызм і дысцыпліна. Дзень распісаны па хвілінах. Да звычайных школьных прадметаў кадэты атрымліваюць дадатковую адукацыю па ваеннай падрыхтоўцы, танцах, гісторыі кадэцкіх карпусоў. У Ані любімы прадмет – дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка. Пасля ўрокаў абавязковая «прагулка» па вучэбным плацы. А яшчэ жадаючыя могуць засвоіць навыкі рукапашнага бою. Наша кадэтка добра сябруе са спортам, таму яе часта можна ўбачыць у спартзале ў пазаўрочны час.

Дзяўчынка гаворыць, што кадэцкае сяброўства сапраўды мае вялікую моц. У цяжкую хвіліну тут падстаўляюць адзін аднаму плячо, пазбаўляюць ад бяды, разам радуюцца новым перамогам і дасягненням.
Хаця ў вучылішчы абмежавана карыстанне мабільнымі тэлефонамі і планшэтамі, затое курсанты маюць цудоўныя зносіны ўжывую паміж сабой. Звальненняў у месяц няшмат, таму дома дзяўчынка бывае нечаста. Аднак на гэта не скардзіцца. Сталее.

Паўсядзённая форма кадэтаў зялёнага колеру, парадная – чорнага. У дзяўчынак прычоска павінна быць строгая, валасы заплеценыя. Ні за якімі трэндамі моды ганяцца не трэба, а толькі «лавіць» захопленыя погляды прахожых, калі ідзе па вуліцы.

Знакавая падзея – кадэцкі баль, калі юнакі ў форме, а дзяўчынкі ў прыгожых сукенках кружаць у танцавальнай віхуры. Іх танцы сапраўды зачароўваюць. Сёння моладзь рэдка танцуе вальс (за выключэннем конкурсаў і выпускных вечароў), таму гэта яшчэ адна адметнасць кадэцкай вучобы.

Я мела зносіны з Ганнай пасродкам перапіскі ў сацыяльнай сетцы, але нават па паведамленнях была ўражана эрудзіраванасці дзяўчынкі, дарослым развагам пра жыццё і сваім месцы ў ім.

Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *