Актыўны ўдзел у жнівеньскім дні дэпутата прынялі члены маладзёжнага парламенту.
На гэтым тыдні старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар правяла прыём грамадзян, моладзь актыўна ў ім паўдзельнічала.
Сярод зваротаў, што паступілі ў гэты дзень, пытанні добраўпарадкавання. Жыхары н.п. Грачыхіна пыталіся, чаму ж няма парадку на пустуючым участку, сельгаспрадпрыемства яго не апрацоўвае, нічога не пасадзілі. Хварэюць жыхары за зямлю родную.
Пераадрасаваны дэпутату абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрыю Старасценку зварот ад жыхароў н.п. Глінішча. Людзей з горада на работу ў аграгарадок ездіць дастаткова, а дабірацца ім вельмі нязручна, транспарту ў той бок ходзіць нямнога.
Жыхары вул. 60 Камсамольцаў-падпольшчыкаў прасілі дапамагчы ўстанавіць знак «пешаходны пераход» і абсталяваць прыпынак каля могілак, каб аўтобус маршруту «Хойнікі – вул. Малішэўская» мог спыняцца і іх забіраць, бо без гэтых умоў вадзіцелі не спыняюцца. Пытанне ўзята на кантроль намеснікам старшыні райвыканкама А.П. Гурой і Дзяржаўтаінспекцыяй.
За імправізаваным «круглым сталом» Галіна Віктараўна і члены маладзёжнага парламенту абмеркавалі перспектывы далейшай работы, пытанні вольнага часу, навядзення парадку на зямлі, а таксама падрыхтоўку да прэзідыума раённага Савета дэпутатаў.
Моладзь выказвала пажаданні, што можна зрабіць дзеля добраўпарадкавання нашага горада, дзялілася, аб чым марыць падрастаючае пакаленне, сваімі планамі на бліжэйшы час.
Вольга БЕЛАШ.