Кветкавы рай у Судкова

Год малой радзімы

Валянціна павольна ідзе па кветкаваму полю, ласкава дакранаючыся да пялёсткаў.

Раніцай водар ад іх асабліва прыемны і галавакружны. Кожная кветачка прыцягвае погляд, дорыць асалоду, жаданне любавацца прыгажосцю прыроды… Ці можна не захапляцца ганарлівай пышнасцю руж і прастатой рамонкаў?

Нездарма я пачала публікацыю менавіта з адносін гаспадыні дома да свайго захаплення. Бо яе цудоўны настрой і душэўнасць зарадзілі мяне на такія словы. На жаль, не атрымалася зрабіць здымак Валянціны ў газету, бо яна была на рабоце.

Пятунні, хрызантэмы, астры, лілеі, чорнабрыўцы, хосты, нявеста, начная прыгажуня, сальвіі, лабеліі, півоні, нарцысы – гэта яшчэ не ўвесь спіс кветак, якія вырошчвае сямейная пара Ігар Прыходзька і Валянціна Краўчанка ў аграгарадку Судкова па вул. Юбілейная, 33. Дарэчы, дадзенаму дому тройчы прысвойвалі званне «Дом узорнага парадку».

Менавіта гэты адрас для нашай публікацыі падказалі ў мясцовым сельвыканкаме. А мы з задавальненнем пафатаграфавалі вось такі кветкавы рай. Муж ды жонка працуюць у сельгаспрадпрыемстве, ён – вадзіцелем, яна – загадчыкам склада.

Нядаўна абсталявалі хваёвую мансарду. На працягу чатырох месяцаў гаспадар дома працаваў над гэтай пабудовай. Цяпер вольны час бавяць у выдатнай абстаноўцы з відам на прыгожы сад.

«Жонка Валя займаецца кветкамі ўсё сваё жыццё, яна ўкладвае ўсю душу ў іх, сее, падкормлівае, высаджвае ў гаршочкі ці ў кашпо. Кожны дзень аглядае, ці прынялася тая кветачка. У хаце ў нас усё ў вазонах таксама. У маладыя гады я часта жонцы дарыў букеты. Мабыць, так і пакарыў яе сэрца», – расказвае Ігар Прыходзька.

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *