Такая добрая справа, як навядзенне парадку на зямлі, iзноў аб’яднала хайнічан.
Сёння прадстаўнікі мясцовай улады, дэпутаты, працоўныя калектывы, грамадскія аб’яднанні, моладзь, актыўныя грамадзяне дружна выйшлі на рэспубліканскі суботнік. Дарэчы, у чацвер і пятніцу на вуліцах таксама фарбавалі, падмяталі, падграбалі.
Працоўную акцыю сёлета прымеркавалі да Года гістарычнай памяці. Хайнічане шчыравалі на сваіх працоўных месцах, займаліся азеляненнем, добраўпарадкаваннем і прывядзеннем у належны стан аб’ектаў на тэрыторыі раёна, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў воінаў і партызан часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Кожны знайшоў прымяненне сваім сілам. А талакой любая справа ладзіцца. Не перашкодзіла нават непагадзь. Пад дажджом працаваць больш складана, але настрой у людзей быў бадзёры.
На вачах наш горад і сельскія населеныя пункты змяніліся. Прыемна бачыць усё вакол дагледжаным і прыгожым і ўсведамляць, што ў гэтай карыснай справе ёсць і твой уклад, твая часцінка любові і павагі да сваёй малой радзімы.
У суботніку прынялі ўдзел каля 5 тысяч хайнічан, зароблена звыш 20 тысяч рублёў.
Усе заробленыя сродкі накіруюць на капрамонт з мадэрнізацыяй і элементамі рэстаўрацыі мемарыяльнага комплексу «Хатынь».
Алена СМУСЯНОК.
Фота аўтара.